“Студэнт альбо студэнтка?” Вынікі першай дыскусіі

21 верасьня была праведзеная першая дыскусія з новай сэрыі, распачатай Міжнароднай камісіяй ЗБС у гэтым годзе. Тэмай абмеркаваньня было правакацыйнае пытаньне – “Студэнт альбо студэнтка?” Калі вы не прысутнічалі на сустрэчы, то перад тым як чытаць далей задумайцеся, як вы яго ўспрымаеце, што б вы на яго адказалі. 

Арганізатары наўмысна не тлумачылі тэму больш дакладна перад дыскусіяй, бо хацелі даведацца наколькі могуць адрозьнівацца падыходы беларускіх студэнтаў да такога пытаньня. Менавіта гэтаму і была прысьвечана амаль трэць усяго часу. Доўга не тлумачачы свой падыход да разуменьня пытаньня “Студэнт альбо студэнтка?”, хлопцы адлюстравалі яго ў аднагалосным адказе “СТУДЭНТКА”. Гэтым яны хацелі сказаць, што мужчынская палова студэнцтва Беларусі без ваганьняў абіраюць дзяўчатаў!

Прыемна! Цікава, што большасьць дзяўчатаў адказалі на гэтае пытаньне гэтак жа – “Студэнтка”! Хтосьці абгрунтаваў сваю пазыцыю з філялягічнага пункту гледжаньня (мы ўзгадалі моўныя адрозьненьні у перадачы полу асобы - у ангельскай мове student агульны для ўсіх, у нямецкай die Studentin und der Student) маючы на ўвазе, што пол павінен адлюстроўвацца ў слове і як увогуле разумець беларускае заканадаўства, дзе ўсё напісана пра студэнтаў, а пра студэнтак не ўзгадана? Хтосьці сказаў “Студэнтка”, бо на першы погляд студэнтак у беларускіх унівэрах болей (хоць сярэдні паказчык не дае ім нейкай значнай перавагі), таму часьцей сустракаюцца студэнткі, а не студэнты. Хтосьці абраў “Студэнтку” проста з жаночай салідарнасьці. У выніку некаторыя прадстаўнікі моцнага полу сталі выказваць свае ранейшыя падазрэньні, што дыскусія рыхтавалася менавіта ў фэмінісцкім кантэксьце.

Тым не менш, не спакусіўшыся на абмеркаваньне сучасных тэндэнцыяў у сусьветным фэміністычным руху, мы сталі высьвятляць, ці існуе ў беларускіх унівэрсытэтах якая-небудзь дыскрымінацыя на глебе полу студэнтаў? Калі б у мяне запыталіся раней пра гэта, я б адразу не вагаючыся сказала, што, напэўна, для Беларусі гэтая тэма зьяўляецца прыцягнутай за вушы. Але, дзякуючы дыскусіі, я адкрыла для сябе шмат нечаканага.

Напрыклад, у Мэдычным унівэрсытэце некаторыя дысцыпліны, якія адносяцца да пераважна мужчынскай сфэры (хірургія), выкладаюцца павярхоўна, калі ў групе няма ніводнага хлопца, бо лічыцца, што дзяўчатам усё роўна не стаць хірургамі. У БДАТУ, дзе дзяўчатаў наадварот вельмі мала, пры расьсяленьні ўлічваецца пол студэнтаў (неафіцыйна натуральна), але ў гэта раз не на карысьць хлопцаў. Студэнты БДПУ імя М.Танка сказалі, што ў іх унівэры, дзе хлопцы – даволі рэдкая каштоўнасьць, менавіта яны зьяўляюцца “шчытом”, які вымушаны прыкрываць усіх – іх заўсёды выклікаюць першымі, таму іх часьцей можна сустрэць на апошніх партах, дзе яны хаваюцца ад пытаньня-куляў. А хлопцам з гуманітарных унівэраў кшталту пэдагагічнага і лінгвістычнага, аказваецца, увогуле пагражае небясьпека, што іх перастаюць успрымаць як хлопцаў... Калі ў групе толькі адзін хлопец, паступова дзяўчаты перад ім нават панчохі папраўляць больш не саромеюцца. Але на маю думку, самае страшнае адбываецца, калі самога хлопца ўжо не хвалюе, калі перад ім такое робяць. А як жа кантроль над мужчынскай паловай з дапамогай трохі прыпаднятай спадніцы?

Усе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што наяўнасьць якойсьці няроўнасьці ў вялікай ступені залежыць ад выкладчыка. І тут студэнты пачалі ўзгадваць страшныя гісторыя пра жанчынаў-выкладчыцаў у навучальных установах тэхнічнага профілю, якія наўмысна ўскладняюць жыцьцё хлопцам. Была гісторыя пра жанчыну-выкладчыцу, якая завальвала студэнтак на іспытах і заліках, бо помсьціла за тое, што некалі яе муж (таксама выкладчык) сышоў ад яе да маладой студэнткі. Пры ўсёй “прыцягнутасьці” тэмы, калі прыгледзецца, можна заўважыць безьліч сытуацыяў з нашага штодзённага жыцьця, калі павага (ці ўвага) да полу студэнткі не дастатковая. Як часта ў пераважна жаночых аўдыторыях (дзе тым не менш ёсьць хлопцы) выкладчык/ца зьвяртаецца да студэнтаў – “Давайце, дзяўчаты, запішам...”; як часта можна пачуць у тэхнічным універы “Ну, яна та дзяўчына, але ж ты та хлопец! Ты павінен гэта ведаць!”; як часта мы заўважаем, што выкладчык/ца па-рознаму ставіцца да хлопцаў і дзяўчат? І, ізноў, чаму законы пішуць толькі для студэтаў? А Студэнткі маюць правы і абавязкі?

Але нас гэта кранае не больш, чым які-небудзь ляпсус, вымаўлены выкладчыкам на апошняй лекцыі, зь якога можна хіба пасьмяяцца. Чаму так? Чаму ў Эўропе, напрыклад, праводзяцца цэлыя кампаніі ў падтрымку гендэрнай роўнасьці ва ўнівэрах? Чым мы адрозьніваемся ад эўрапейцаў?

Калі абагульніць думкі, выказаныя ўдзельнікамі дыскусіі, то атрымаецца, што эўрапейцы проста “зажраліся”. У іх сваіх праблемаў засталося мала, вось яны пачынаюць ствараць такія праблемы на пустым месцы. Была спроба патлумачыць адрозьненьне ў сытуацыях з правамі жанчын паміж намі тым, што эўрапейцы не жылі ў СССР, дзе і жанчына, і мужчына называліся аднолькава – савецкі грамадзянін, таварыш! Яшчэ адно тлумачэньне адрозьненьняў у стаўленьні да гендэрных пытаньняў гучала так: проста ў Эўропе жанчыны непрывабныя, таму яны хоць кампаніямі за гендэрную роўнасьць спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу.

Адназначнага адказу, тым не менш, мы не атрымалі... Ды хіба ён існуе? Дыскусія атрымалася вельмі гарачай і эмацыйнай, а галоўнае вельмі пазнавальнай.

Наперадзе заплянаваныя яшчэ не адна такая размова на не менш спрэчныя і інтрыгуючыя тэмы. Напрыклад, 28 верасьня 2005 на Дарашэвіча, 4-2 (ст. мэтро Плошча Я.Коласа, насупраць зялёнай вежы БНТУ) а 19.30 адбудзецца чарговая дыскусія на тэму “Студэнты з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй на Беларусі – міт альбо рэальнасьць?” Прыходзьце! Запрашаюцца ўсе!

Mara 11:00, 28/09/2005 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0678 seconds.