Вандроўніца Таня Гендзель пра 52 тысячы км спынам, стыль жыцця ў дарозе і гісторыі з прыпынкаў

«Вандроўкі як стыль жыцця» – лекцыя з такой назвай прайшла 12 снежня ў антыкавярні «Дом Фішара» ў Менску. Вандроўніца Таня Гендзель, расказвала, як дайшла да такога жыцця: толькі 20 дзён дома за апошні год, 52 000 кіламетраў спынам і на сярэдзіну студзеня – квіток у Кенію ў адзін канец.

Як пазбавіцца ад мядзведзяў з балалайкамі

Напэўна, асноўная праблема ў тым, чаму мы не вандруем – мяркаванні, што гэта дорага, небяспечна, няма часу, немагчыма… Насамрэч гэта нашмат прасцей і танней, чым вы думаеце. У мяне пачалося ўсё паступова – паехала з Берасця ў Менск і назад гады чатыры таму. Я думала, што гэта та-акое дасягненне.

А ў 2012 годзе мне выпала ехаць на Эльбрус. Там на вышыні мне зрабілася кепска, не даходзячы да вяршыні. Давялося спускацца адной, а група яшчэ 10 дзён мусіла узыходзіць. Сябры мне знайшлі ўпіску на Каўказе. Я пужалася – гэта ж Расея, Каўказ, тут забіваюць і гвалцяць дзяўчат.
Першыя два дні сядзела на ўпісцы, пасля паступова пачала рабіць невялікія вылазкі – і ў выніку аб’ехала ўвесь Стаўрапольскі край ды пазбавілася ад асноўнага стэрэатып у беларусаў – што ў нас досыць бяспечна, а Расія – гэта змрок, там мядзведзі з балалайкамі, бутэлька гарэлкі і мужыкі з сякерамі ўсіх забіваюць.

Расія апынулася крутой, а Каўказ – гасцінным. Такім было маё першае замежжа.

Упіска на літару «Ом»

Адна з маіх упісак у Малдове добра паказвае, што рэгіструючыся на каўчсёрфінгу, знаходзячы ўпіску праз знаёмых, ніколі не ведаеш, куды прыедзеш. Нас чакала ўпіска, дзе перад кожнай ежай ці гарбатай мы ўсе садзіліся ў кола і спявалі: “Ом!”… хвілін 15-20. 

Упіска ў Мінску была прыкольная: там жылі два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі, сябры між сабой. А дзверы ў ванную не зачыняліся і фіранак там не было. І калі ты мыешся, у сумешчаны санвузел можа спакойна зайсці хлопец і схадзіць у прыбіральню. Тлумачылася тым, што ніхто нічога новага не ўбачыць і ўвогуле навошта саромецца… Даводзілася «барыкадаваць» дзверы.

У Еўропу – без шэнгена

Што мне спадабалася ў Карэліі – там не парацца з назвамі: рэчка Шырокая, вадаспад Прыгожы. Гэта азначае – ісці варта. А ёсць нейкая рэчка – называецца Гаўнянка. І нам сказалі: ехаць не варта, нецікавая. А было возера з матнай, на літару Х назвай, якая на «е» заканчваецца. Нам сказалі: «Не, туды не трэба ехаць, там няма чаго рабіць».

…А гэта мая прагулка ў Эстонію. Тады не было шэнгена, але дужа захацелася. Прыехала ў Іван-горад, дзе памежныя заставы і краіны падзяляе рака. Прыходжу да дзядзек з Расіі, кажу, хачу ў Эстонію.

Гартаюць пашпарт – і не знаходзяць візы: «А-а віза дзе?» – «Візы няма. Я маю права без візы пакінуць тэрыторыю Расіі?» – «Маеце». Я выйшла, супрацоўнікі – за мной. Пахадзіла па мосце, дайшла да Эстоніі, паглядзела на яе. Дастала здымач і пачала фатаграфаваць віды, памежнікі глядзяць. Пагуляла хвілін 20 – а там прыгожа! – і вяртаюся назад: «Усё. Прагулялася, дзякую». У іх на тварах непаразуменне: «Што вы там рабілі?» – «Мне віды падабаюцца, фатаграфую. А што, нельга было?» – «Ды не, можна» – і паставілі штамп.

Калі ты белы – ты багаты

У Непал я ляцела самалётам, і гэта была мае першая далёкая паездка, плюс я вельмі кепска размаўляю па-англійску, а тады ўвогуле быў школьны набор фраз. Я вельмі хвалявалася, узяла процьму грошай – 500 даляраў на 2 месяцы. Напачатку збіралася адна, перад вылетам раптоўна знайшлося двое спадарожнікаў – хлопец і дзяўчына.

Цікава, што ва ўсіх азіяцкіх краінах белы чалавек – багаты. І цябе, багатага, трэба развесці. І ў Непале і Індыі жывуць проста майстры па разводзе, і гэта наш першы чувак, які нас развёў.
Гісторый разводу шмат.

Падыходзіць малое дзіця і кажа, што вельмі хоча вучыцца ў школе, што мара ўсяго яго жыцця стаць адукаваным, а бацькі бедныя. Кажа: «Не давай грошы, купі мне падручнікі». І ён вядзе цябе ў крамку з падручнікамі, ты набываеш, маўляў, эх, у добры шлях!.. – а праз пару хвілін дзіця ў гэтай жа крамцы здае кнігі і атрымлівае частку мзды.

У нашым выпадку гэта было сухое малако для маленькай сястры. Ну і мы заходзім у лавачку, ён дастае (Таня паказвае рукамі здаравенны мех, - аўт.) вось такі мяшок з прылаўка… малака на гады тры. І дзіця сціпла кажа: «Ну, нам таксама есці няма чаго, таму можа яшчэ рысу і масла?» – і гандляр зверху такі ж мех рысу і бутэльку… на літраў 50 масла. У выніку каля 40 даляраў.
І тут я разумею, што нешта не тое. Мой спадарожнік не падазрае разводу, а я кажу: «Пайшлі адсюль». Дамовіліся, што ён асабіста са сваіх грошай даў хлопчыку два даляры (2 каштуе ноч у гатэлі альбо можна вельмі добра паесці ў рэстаране).

Болей гісторый і фота – у блогу Тані Гендзель

Ужо на выхадзе з джунгляў (экскурсія па запаведніку) мы сустрэлі цётак, якія працавалі… у Непале, як у прынцыпе ў многіх азіяцкіх краінах, дзядзькі нічога не робяць, працуюць цёці. Прычым дзядзі калі нешта робяць – гэта найчасцей па кухні, гатуюць ежу, для турыстаў у рэстаранах таксама – і вышываюць.

Жанчыны здабываюць драўніну, апрацоўваюць камень, будуюць дамы. Не раз назірала малюнак, калі цётка фігачыць адбойнікам па камнёх і сядзіць дзядзька, вышывае. Тыпова для Непала.


Ганна Валынец 13:00, 16.12.2014 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.054 seconds.