Навуковай радзе БДУ быў прадстаўлены новы рэктар Васіль Стражаў
Але гэтую пасаду мог заняць і Замяталін... Новага рэктара БДУ Васіля Стражава прадставіў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў, ён патлумачыў прычыны адстаўкі папярэдняга рэктара Аляксандра Казуліна, але выслухаць ягоны адказ на свае абвінавачваньні спадар Латыпаў не захацеў, заўчасна пакінуўшы залю рэктарату БДУ.
Аляксандар Лукашэнка даручыў Уралу Латыпаву патлумачыць прафэсарам БДУ “сутнасьць і лёгіку” прынятых ім рашэньняў. Спадар Латыпаў зьдзівіўся зьяўленьню журналістаў на цырымоніі прадстаўленьня Васіля Стражава навуковай радзе БДУ, але не настойваў на тым, каб яны пакінулі залю і выступіў досыць шчыра. У прыватнасьці ён сказаў, што А. Лукашэнка апошнім часам тройчы сустракаўся са спадаром Казуліным і патрабаваў ад яго вярнуцца да мадэлі “клясычнага ўнівэрсытэту”, адмовіцца ад сваіх “прыхамацяў”, кшталту новых вытворчых падразьдзяленьняў БДУ і нетрадыцыйных факультэтаў, напрыклад, мэдычнага. Аднак, як паведаміў спадар Латыпаў, безвынікова.
(Латыпаў: ) “Было відаць, што ўнівэрсытэт разьвіваецца ўшыркі, але яму не заўсёды хапае неабходнай глыбіні, якая павінна быць у клясычнай навучальнай установе”.
Спадар Латыпаў заявіў пра зьніжэньне якасьці адукацыі ў БДУ, і для прыкладу сказаў, што выпускнікі БДУ, які прыходзілі на працу ў МЗС, замежныя мовы ведалі значна горш, чым выпускнікі Маскоўскага інстытута міжнародных стасункаў.
Апошняй жа кропляй стаўся зварот генэральнага пракурора Віктара Шэймана аб часовым вызваленьні Казуліна, але каб не пакідаць БДУ ў “падвешаным стане” на час сьледзтва, Лукашэнка і вырашыў зусім звольніць Казуліна ды прызначыць Васіля Стражава.
У чым падазраецца спадар Казулін, Урал Латыпаў не патлумачыў. Затое паабяцаў, што фінансаваньне і іншая падтрымка БДУ з боку дзяржавы захаваецца на ранейшым узроўні. На разьвітаньне ён паціснуў руку Аляксандру Казуліну і сышоў, не даўшы магчымасьці нікому задаць свае пытаньні.
Пазьней Аляксандар Казулін аспрэчыў абвінавачваньні У. Латыпава, але той гэтага пачуць ня мог.
Васіль Стражаў выступіў з праграмнай прамовай, ён заклікаў навуковую раду БДУ “знайсьці свой адказ на пытаньні ангульнаэўрапейскай інтэграцыі”, адпаведна зьмяніўшы і зьмест адукацыйнага працэсу, і форму.
(Стражаў: ) “Мы павінны перайсьці ад той савецкай сыстэмы, дзе студэнта вучылі, да сыстэмы, прынятай ва ўсім сьвеце, калі студэнт вучыцца сам. Але за гэтым стаіць вялізная арганізацыйная праца як з боку выкладчыкаў, так і з боку ўсіх тых, хто з гэтым зьвязаны”.
Такім чынам, навуковая рада БДУ прыняла да ведама зьмену рэктара, не задаўшы прадстаўнікам улады ніводнага пытаньня. Хіба што адзінай праявай прафэсарамі сваёй пазіцыі сталася тое, што яны віталі выступ Казуліна воплескамі.
Хаця незадаволенасьць вучоных была відавочнай. Гаворыць намесьнік прарэктара па навуковай працы Ўладзімер Панарадаў:
(Панарадаў: ) “Цяжка ацэньваць рашэньне прэзыдэнта. Нам было зразумела, калі мы вылучалі свайго кіраўніка самі, гэта зразумела для навуковага, вучэбнага калектыву. Але на сёньняшні дзень мы ў зьбянтэжанасьці – чаму ж прымаюцца такія рашэньні”.
Калі дзейнічала старая рэдакцыя статуту БДУ, рэктар абіраўся і вызваляўся Аб’яднанай радай унівэрсытэту ў складзе 600 чалавек. Цяпер самакіраваньне адмененае А. Лукашэнкам. Нягледзячы на ўсе тлумачэньні кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і міністра адукацыі, сябры Навуковай рады так і не зразумелі прычынаў зьмены рэктара. Гаворыць загадчыца катэдры беларускай літаратуры Людміла Сінькова.
(Сінькова: ) “Чакалася ад гэтага паседжаньня, што нешта высьветліцца, будуць нейкія новыя аргумэнты, нейкія прычыны будуць названыя, чаму рэктар зьняты. Але мы пачулі з вуснаў Урала Латыпава і іншых нават менш таго, што ўжо гучала па тэлебачаньні. Відавочна, ніякай прычыны, якую можна было б агучыць перад такой аўдыторыяй як нашая Навуковая рада, нават і не знайшлося.”
Большасьць прафэсараў ня верыць у тое, што Казулін мог дазволіць сабе крымінальнае злачынства. Гаворыць прафэсар Барыс Стральцоў:
(Стральцоў: ) “Гэта нечаканасьць, я ведаю гэтага рэктара – дзелавы, нармальны і гэтак далей. А каб Алясандар Уладзіслававіч быў заўважаны ў крадзяжы – я ў гэта нізавошта не паверу.”
Супраць новага рэктара Васіля Стражава ніхто не выказваўся, у кулюарах пасяджэньня казалі, што ўнівэрсытэту яшчэ пашанцавала, бо ў якасьці адной з магчымых кандыдатураў на рэктара ўладай разглядаўся Ўладзімер Замяталін.
Радыё Свабода