Антон Рудак прэзентаваў свой «Верхні горад»

Выйшла дэбютная вершаваная кніга вядомага маладога паэта.

Антон Рудак

Гісторык-архівіст. Паэт, які пачаў пісаць прозу. Навучэнец Школы маладога пісьменніка, фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН-цэнтра. А цяпер яшчэ — аўтар дэбютнай вершаванай кнігі, якая выйшла ў серыі “Пункт адліку” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Павіншаваць Антона Рудака з выхадам зборніка і паслухаць ягоныя вершы ўчора ў мінскую кнігарню “ЛогвінаЎ” прыйшлі каля паўсотні гледачоў.

Сярод наведнікаў можна было заўважыць сяброў і калег Антона — Паўла Анціпава, Кірыла Дубоўскага, Уладзя Лянкевіча, Марыйку Мартысевіч, Віялету Пачкоўскую, Марыю Пушкіну, Ціхана Чарнякевіча і многіх іншых.

— “Верхні горад” стаў адзінаццатым выпускам у нашай серыі, — распавяла Юля Цімафеева, куратарка “Пункту адліку”, перакладчыца, літаратарка, — і адкрыў другі дзясятак нашых выданняў. Адмыслова да гэтай падзеі дзякуючы дызайнеру Ніку Анціпаву быў зроблены рэбрэндынг серыі. Адначасна з кнігай Антона Рудака выйшла рускамоўная аповесць Андрэя Лазуткіна «Полигон». Можна сказаць, што нашы аўтары збольшага, за выняткам трохі старэйшай па ўзросце Тані Скарынкінай, прадстаўляюць наймаладзейшае і, спадзяемся, найцікавейшае літаратурнае пакаленне.

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, якога Антон прадставіў як свайго сябра і настаўніка, стаў рэдактарам кнігі “Верхні горад”. Андрэй падзяліўся сваім бачаннем паэзіі маладога аўтара і зазначыў, што ў працэсе падрыхтоўкі зборніка Антон паставіўся вельмі крытычна да ўласных тэкстаў і зняў з рукапісу тыя творы, якія для многіх яго сяброў сталі ўлюбёнымі.

Выдатна, што мне ўдалося адгаварыць Антона і вярнуць на старонкі кнігі вершы, якія, спадзяюся, некалі стануць хрэстаматыйнымі, — распавёў Андрэй Хадановіч і зачытаў верш свайго вучня “Марскія фігуры”.

Публіка адзінагалосна пагадзілася, што такія творы дакладна трэба захаваць для нашчадкаў.

Ксенія Шталянкова не толькі аўтарка прозы, але і мастачка, узяла ўдзел у афармленні вокладкі кнігі Антона Рудака.

Пасля некалькіх паэтычных сэтаў, калі Антон Рудак прадэкламаваў свае вершы з новага зборніка, настаў момант адказу на пытанні публікі. Атмасфера прэзентацыі спрыяла нязмушанай і нават жартоўнай гутарцы.

Прыкладам, аўтарам правакацыйнага пытання пра ўжыванне ў вершах нецэнзурнай лексікі, як пасля высветлілася, аказаўся стрыечны брат Антона. Паэт прызнаўся, што часам абсалютна мэтазгодна выкарыстаць тое ці іншае слова, калі яно абумоўлена кантэкстам і мае пэўную сэнсавую нагрузку, аднак Антон стараецца не злоўжываць мацюкамі, і нікому не раіць.

Вечарына, змястоўная і дынамічная, доўжылася ўсяго 40 хвілін і завяршылася аўтограф-сесіяй аўтара.  

Тэкст, фота і відэа Віка Трэнас, Саюз беларускіх пісьменнікаў

16:40, 04/11/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0626 seconds.