У 30 брытанскіх ВНУ існуюць экстрэмісцкія суполкі
Міністэрства адукацыі Вялікай Брытаніі падрыхтавала справаздачу пра дзейнасьць экстрэмістаў у унівэрсытэтах краіны. Міністар адукацыі Рут Келі даручыла сваім намесьнікам прыняць захады па зьнішчэньню экстрэмісцкіх суполак, які дзейнічаюць сярод студэнтаў.
Афіцыйная справаздача павінна быць абнародавана цягам тыдня.
У ёй, у прыватнасьці, распавядаецца пра такія радыкальныя групоўкі як "Хізб ут-Тахрір" і "Аль-Муджахірун", а таксама Брытанская нацыяналістычная партыя. Пры гэтым адзначаецца, што выкладчыкі нават не здагадваюцца пра погляды сваіх студэнтаў.
Як стала вядома, у сьпіс уваходзяць каля 30 вышэйшых навучальных установаў, такія як Бірмінгема (ісламісты), Кэмбрыдж (нацыяналісты), Дэрбі (ісламісты), Унівэрсытэт Лідса (ісламісты, нацыяналісты), Оксфард (радыкальныя абаронцы жывёл), Ёрка (нацыяналісты) і іншыя.