Як дзве дзяўчыны запусцілі ў Беларусі сайт з задумай, якую часопіс Time уключыў у Топ-10 ідэяў, што зменяць свет

Дзве дзяўчыны з Мінска гэтым летам стартанулі новы цікавы беларускі сервіс, які прапануе зручную пляцоўку для таго, каб браць і здаваць у арэнду што заўгодна. Generation.by распытаў у дзяўчатаў-стваральніц пра асаблівасці айчыннага стартап-руху.

Ідэя сервісу zdaem.by прыйшла Ганне, калі яна працавала ў рэкламнай агенцыі, дзе ладзіла імпрэзы, карпаратывы ды рэкламныя акцыі. Заказчыкі часта хацелі незвычайную імпрэзу з асаблівымі атрыбутамі, таму дзяўчыне даводзілася ў сціслыя тэрміны шукаць рэдкія ды дзіўныя рэчы: ад найноўшых мадэляў гаджэтаў ды жывых каней.

«Я заўсёды вельмі шмат часу марнавала толькі на пошук. Пачыналася ўсё з вывучэння базы Гугла ды Яндэкса, але ўрэшце кідала ў сацыяльных сетках заклікі мне дапамагчы. Канешне, часцей за ўсё рэчы былі патрэбныя тэрмінова, але даводзілася сядзець і чакаць каментаў ад фрэндаў, знойдуць яны кагосьці ці не».

Так з'явілася ідэя рэсурсу, дзе можна было ўзяць у арэнду ўсё што заўгодна: ад лімузінаў да мэблі. Хрысціне, з якой Ганна пазнаёмілася на курсах фатаграфіі, ідэя апынулася вельмі блізкай.

«Калі я была на стажыроўцы ў ЗША, то заўважыла, што там арэнда вельмі папулярная з'ява. Акурат там я і пазнаёмілася з ідэяй шэрынга і сумеснага спажывання. Калі там гэта ідэя пракаціла, то і ў нас мусіць быць запатрабаванай», — узгадвае Хрысціна.

Сумеснае спажыванне — новы трэнд у сусветнай эканоміцы, на якім заснаваныя букіністыка, буккросінг, каўч-сёрфінг ды сэканд-хэнды. Часопіс TIME у 2010 годзе назваў шэрынг адной з 10 ідэяў, якія зменяць свет. Канцэпцыю сумеснага спажывання распрацавалі Рэйчэл Боцман і Ру Роджэрс, якія ў 2008 на фоне сусветнага фінансавага крызісу заўважылі, што з глабальным спажываннем не ўсё ў парадку. Свой вядомы выступ на TED Рэйчыл завершыла словамі: «Я веру, што гэта (шэрынг — заўв. Generation.by) можа зруйнаваць састарэлыя формы бізнеса, дапамачы нам зрабіць скачок ад гіпер-спажывання і паказаць нам, калі «дастаткова» — значыць сапраўды дастаткова».

Хрысціна:

«Ёсць такі зацяганы крыху прыклад пра дрыль: чалавеку не патрэбны дрыль, яму патрэбная адтуліна ў сцяне, каб павесіць карціну. Навошта купляць дрыль, калі выкарыстоўвацца ён будзе 3-4 разы на год? Ідэя, калі ты плаціш не за рэч, а за яе функцыю мне падаецца файнай»

Аня:

«Людзі ў пагоне за новымі рэчамі працуюць усё больш, таму што ім увесь час трэба змяняць гаджэты, машыны, набываць нейкія малапатрэбныя рэчы. А калі прасякнуцца ідэяй шэрынгу, атрымліваецца, чым меней ты купляеш, тым меней табе трэба працаваць і тым болей у цябе вольнага часу і свабоды. Па сутнасці мы ўсе працуем на рэчы».

Сёлета ў траўні дзяўчаты запусцілі сайт свайго сэрвісу і цяпер працуюць з партнёрамі — кампаніямі, якія здаюць рэчы ў арэнду. У стартапа ёсць адмысловая паслуга для буйных кампаній: калі яны не могуць выдаткаваць час на размяшчэнне абвестак, Хрысціна і Ганна зробяць гэта за іх. Таксама, калі камусьці спатрэбілася незвычайная рэдкая рэч, дзяўчаты прапануюць заняцца пошукам.

«Кампанія, якая займаецца здымкамі відэаролікаў, зрабіла нядаўна замову: «Нам для здымак патрэбны асёл. Знайдзіце нам асла». Вось мы зараз і шукаем для іх асла. Таму, калі ў кагосьці ёсць асёл, то давайце да нас».

Рэсурс мае зараз больш за 800 абвестак з прапановай арэнды механізмаў, жывёлаў, вопраткі, кветак, спартовых трэнажораў ды іншых рэчаў. Сайт працуе пакуль у бэта-версіі, вядзецца праца над ягоным паскарэннем. Сяброўкі нанялі двух праграмістаў, сеошніка, дызайнера і бізнес-аналітыка. Заробкі ўсім супрацоўнікам плацяць са сваіх грошай. Хрысціна выкладае англійскую, а Аня фатаграфуе.

«Мы прысутнічаем на розных стартап-івентах, але пакуль не прэзентоўвалі наш праект. Лічым, што калі не можаш сам напачатку ўкласці свае грошы ў ідэю, то як ты можаш шукаць іншага чалавека, які будзе ўкладваць грошы ў тваю ідэю? Гэта пытанне ва ўпэўненасці ў сабе», — разважаюць дзяўчаты.

У Ганны і Хрысціны амбіцыйныя планы: не толькі вывесці праект на самаакупальнасць, але і пашырацца на суседнія рынкі. Сярод магчымасцяў манетызацыі: платная паслуга для вылучэння абвестак.

Сцвержданне, што дзве дзяўчыны-стартаперкі гучыць крыху экзатычна ў беларускіх умовах, Аня і Хрысціна не разумеюць. Пры тым, што ўсе падрадчыкі ў іх хлопцы.

«Мы ніколі не чулі ад нашых супрацоўнікоў «вось вы дзевачкі..» Чым дзяўчаты горшыя за хлопцаў? Мы неяк не сутыкаліся з гэтым, пакуль ты нас не спытала. Гэта ж не гендэрнае пытанне, гэта пытанне самавыяўлення. Для мяне бізнес гэта нешта, з дапамагой чаго ты можаш make difference. Ты бачыш праблему і ты не абыякавы да гэтай праблемы і хочаш, каб яна вырашалася. Мы з Аняй пабачылі праблему і хочам працаваць у гэтым накірунку» , — кажа Хрысціна.

Фотаздымкі: Юля Сакалоўская


Наста Рэзнікава 11:20, 09.12.2014 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0467 seconds.