Беларусь стала лідарам у адным з вядучых рэйтынгаў па спартовым праграмаванні

Міжнародныя спаборніцтвы па праграмаванні Codeforces.ru лічацца прэстыжным рэйтынгам, у іх удзельнічаюць таленты з усяго свету. Беларусь выйшла на першае месца ў краінавым рэйтынгу гэтых спаборніцтваў, абышоўшы Расею ды Кітай.

Па звестках парталу Dev.by, рэйтынг Codeforces.ru пашырае сваю значнасць і наступае на пяткі самаму вядомаму сусветнаму рэйтынгу праграмістаў Top Coder, у якім у 2013 годзе лідарства атрымаў таленавіты беларус Генадзь Караткевіч.

І асабісты рейтынг праграмістаў Codeforces цяпер узначаліў Генадзь Караткевіч, які браў удзел у 93 спаборніцтвах Codeforces і назбіраў 3245 балаў. Розніца паміж ім і бліжэйшым канкурэнтам — японскім праграмістам 450 балаў.

Генадзь Караткевіч здабыў сабе славу яшчэ будучы школьнікам: за час навучання ў гомельскай гімназіі Караткевіч мінімум шэсць разоў браў удзел у міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, на трох з іх здабыў абсалютную перамогу ды займеў яшчэ і статус самага юнага пераможца за ўсю шматгадовую гісторыю спаборніцтваў. Паступіўшы ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі (ІТМО) беларус працягвае перамагаць на шматлікіх алімпіядах. На ягоным рахунку перамогі ў «Яндекс. Алгоритм», Агульнарасейскім адкрытым чэмпіянаце па праграмаванні, трэцяе месца ў чэмпіянаце па праграмаванні сацыяльнай сеткі Vkontakte ды інш.

У ТОП-10 рейтынга Codeforces.ru трапіў яшчэ адзін беларускі праграміст — Адам Бардашевіч. Хлопец з Мозыра займае сёмае месца і таксама з’яўляецца студэнтам ІТМО.

14:50, 16/07/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0572 seconds.