Больш як дзьве тысячы грамадзян Расеі атрымоўваюць у гэтым годзе вышэйшую адукацыю ў ВНУ Беларусі
Такую інфармацыю паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Паведамляецца таксама, што “адукацыйныя ведамствы дзьвюх краінаў супрацоўнічаюць па наступных асноўных напрамках — стандартызацыя адукацыі, абмен пэдагагічнымі кадрамі і студэнтамі, разьвіцьцё сфэры выхаваўчай работы, дарэчы, у гэтым напрамку беларускі бок мае права лічыць сябе лідэрам.”
Сапраўды, у выхаваўчай сфэры беларускі бок можа лічыць сябе лідэрам, але ня толькі ў параўнаньні з Расеяй. Падобныя загады (23.05.2005 №03-24/28-ДСП), у дачыненьні да студэнтаў, якія прымае наша міністэрства адукацыі, існуюць, напэўна, хіба што толькі на Кубе ды ў Кітаі.
“Спэцыялісты дзьвюх краін асаблівую ўвагу ўдзяляюць распрацоўцы адзіных нарматыўных дакумэнтаў, якія адыгрываюць важную ролю ў разьвіцьці адукацыйнай сыстэмы. Адзіныя падыходы да атэстацыі, акрэдытацыі і ліцэнзаваньня дзейнасьці навучальных устаноў дадуць магчымасьць Беларусі і Расеі заняць на эўрапейскім рынку адукацыйных паслуг стабільнае моцнае становішча.” – паведамляе БелТА.
Нагадаю, што Беларусь не далучаная да Балоньскага працэсу, які накіраваны на уніфікацыю эўрапейскага рынку адукацыйных паслуг. Расея ж далучылася да яго, і нават пачынае рабіць крокі ў гэтым кірунку.