Як вандраваць па-іншаму — цікавей, танней, адкрываць для сябе новыя сродкі перасоўвання – ужо трэці год запар вучаць на фестывалі «Самаход» у Менску. Мы з фестывалю, які ладзіць кампанія "Без візы", сёлета вынеслі некалькі ідэй вандровак, якія рэдка практыкуюць беларусы.
Маленькі падаецца такім кволым у параўнанні з бацькамі, што часта застаецца дома, пакуль не падрасце, альбо выязджае з сям’ёй і клункамі, нібы гатовы да пераезду.
Зарына Бабко, маці двух дочак і аўтарка сайту пра вандроўкі з дзецьмі, лічыць, што і тое, і тое не зусім правільна: сядзець дома нецікава ні дарослым, ні дзіцяці, маршрут можна прыдумаць добры для ўсіх, а дзіцячыя сумесі набыць і ў іншай краіне. Можна не цягнуць з сабой гардэроб, а апрануць дзіця з ног да галавы, калі вы ў азіяцкай краіне, за 20 даляраў.
З дзецьмі можна сапраўды наведаць Луўр, але пры некаторых умовах:
«Я супраць адмысловых дзіцячых маршрутаў, — кажа Зарына. — Таму што і дзецям добра, калі добра іх бацькам. Але дзецям нецікавыя высокія матэрыі ў мастацтве не таму, што яны нешта не разумеюць – можа, разумеюць больш за нас — а таму што ў іх зашмат энергіі. Вы можаце пайсці ў музей, але перад гэтым схадзіце на дзіцячую пляцоўку».
Каб маленькі не стаміўся ад хады, можна адшукаць пракат ровараў з месцам для дзіцяці, праўда, лепей загадзя – яны ёсць не паўсюль, часцей у прыватных пракатах.
У вандроўцы з дзіцёнкам сям’я мусіць улічваць яго цікаўнасці і патрэбы — дзіця хутчэй стамляецца, з ім зручней жыць у кватэры. Але затое па ім не будзеш сумаваць увесь адпачынак.
Для тых, хто падумвае пра домік за горадам, але не вызначыўся з ягонай пляцоўкай, можа падыйсці домік на колах – варыянт каравана ці кемпера (падобныя адпаведна да прыцэпа аўто і буса з кватэркай унутры).
Вандроўнікі на Захад не раз такія заўважалі – як у амерыканскіх фільмах, у Беларусі іх сутрэць пакуль можна рэдка. Спыншчыкі недалюбліваюць кемперы за тое, што яны рэдка падбіраюць, а гаспадары любяць за тое, што сваё лецішча возіш за сабой хоць на Браславы, хоць у Нарвегію.
«Навошта, каб маё лецішча дыктавала мне, дзе адпачываць?» – кажа Мікалай Дзянісман, адзін з заснавальнікаў руху караванераў і аўтатурыстаў у Беларусі.
Па кошце і сапраўды некаторыя кемперы падобныя да дамоў – да 700 000 еўра. Хаця ў сярэднім прыцэп б/в каштуе 10 000 даляраў, а кемпер – ад 15 000. Арэнда на суткі ў Еўразвязе каштуе прыкладна як аднапакаёўка.
Гэтыя дамы на колах пачалі з’яўляцца каля 100 год таму ў жыхароў марскіх дзяржаваў – Галандыя, Фінляндыя, Англіі і ЗША – а зараз іх карыстаюць сапраўдныя аматары прыроды, якія прызвычаіліся бачыць больш за шыльды па баках аўтабана ды ночыць на прыродзе.
Тут гаворка пойдзе пра выпадак, калі ўся вашая маёмасць важыць каля 15 кілаграмаў і знаходзіцца ў вас за спіной, а вы эканоміце на грамадскім транспартце, які ў ЕЗ нятанны.
«Калі ў нечым сумняецеся, лепш не браць, а набыць у Польшчы. Тры майкі — гэта адна на вас, адна чыстая і адна брудная. А чатыры – гэта дзве брудныя. Навошта вам брудныя майкі?» – расказвае раварыст Паша Гарбуноў пра філасофію роварнага заплечніка.
Паша мінулым летам праехаў 3600 кіламетраў па Еўропе, спазнаў розныя глыбіні бруду і вышыні шыку сцежак у Еўропе. Ён заўважыў, што раварыстам часам складаней, чым іншым: калі ў Германіі ці Польшчы іх паважаюць, то ў Калінінградскай вобласці аб’язджаюць у апошні момант, так што вушы калыхаюцца ад праязджаючых джыпаў.
Але затое вандроўка на ровары добрая сваёй свабодай: ты не ночыш там, куды прыехаў аўтобус, а шукаеш самае прыгожае месца, няхай і за 10 кіламетраў. Адмысловыя веласцежкі можна знайсці на googlemaps альбо паехаць па сцежках Еўравела.
Раварысту, які выпраўляецца ў доўгую вандроўку па Еўропе, варта ўзяць мінімальны рэмкамплект, шасціграннік, запаску. Калі зламаецца нешта больш сур’ёзнае – спыніць машыну і дабрацца да бліжэйшага гораду/майстэрні. А едучы ў далёкую вандроўку, напрыклад, па Азіі, раварысты часам бяруць машыны са сталёвымі рамамі – іх прасцей варыць у выпадку чаго.
Калі камусьці падаецца, што такі транспарт – гэта несур’ёзна, адваротнае даўно даказаў Глеб Травін, які аб’ехаў вакол СССР на звычайным савецкім ровары.