У расейскай уладзе загаварылі пра забарону «Ляпіса Трубяцкога»
За тое, што Міхалок са сцэны паслаў «імперскіх імбецылаў», якія кідалі зігі і паказвалі факі, дэпутат дзярждумы РФ прапануе абвясціць беларускага музыканта персонай нон-грата ў Расеі.
Раман Худзякоў з фракцыі ЛДПР накірваў зварот на імя генпракурора РФ з просьбай даць прававую ацэнку «антырасійскім» выказванням лідэра беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка пад час канцэрту ў Іжэўску. «Антырасійскімі», на думку дэпутата, сталі словы Міхалка «імперскія імбецылы» ў бок некалькіх людзей у натоўпе, якія кідалі зігі і паказвалі факі, калі Міхалок выказваў падрымку Майдану ва Ўкраіне.
—Трэба забараніць гэтай групе наогул выступаць на эстрадзе. Забараніць выступаць у нашай краіне. Мы падрыхтавалі ліст у Генеральную пракуратуру і просім пакараць яго па ўсёй строгасці закона. Бо гэта як мінімум нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Хай пракуратура разбіраецца, якое ў яго грамадзянства, магчыма, ён стане персонай нон-грата для Расіі, — мяркуе дэпутат фракцыі ЛДПР, якой кіруе адыёзны палітык Жырыноўскі, што днямі публічна абразіў цяжарную журналістку.
Прэс-аташэ гурта Аляксандр Бергер пасля канцэрту, на які спасылаецца Худзякоў, прыносіў дасціпныя выбачэнні ад імя гурта:
— Ад імя групы «Ляпіс Трубяцкой» хачу папрасіць прабачэння ў імбецылаў, а таксама родных і блізкіх людзей, якія жывуць з гэтай цяжкой хваробай. Мы не хацелі іх пакрыўдзіць.
Прадзюсер гурта «Ляпіс Трубяцкі» Яўген Калмыкоў абвергае інфармацыю пра тое, што словы Міхалка пра «імперскіх імбецылаў» былі сказаныя на тэрыторыі Расеі.
— Мы не разумеем, што адбываецца, таму што ў Іжэўску не было такога. Гэта не з Іжэўска. Гэта з Германіі, дзе Міхалку фашысты зіговалі, потым паказалі непрыстойныя жэсты. У выніку з нас зрабілі фашыстаў, у Сеціве з'явіліся інтэрв'ю з Міхалком, а ён наогул не дае інтэрв'ю. Нейкае мэтанаскіраванае фармаванне вобразу ворага. Чакаем далейшага развіцця падзей. Нас ніхто не чуе, з нас зрабілі фашыстаў. Нам бы дапрацаваць да 1 верасня, мы ж абвясцілі пра роспуск групы, — дадаў ён.
У Расеі адбываецца маштабная кампанія цкавання і забароны ўсіх публічных і ўплывовых асобаў, якія падтрымалі Майдан у Кіеве і асудзілі акупацыю Крыма расейскімі войскамі. У Ляпісаў ужо былі забароненыя два канцэрты на тэрыторыі РФ за апошні час, аднак выступы працягваюцца. 25 красавіка ў маскоўскі клуб Stadium Live паслухаць беларускіх музыкантаў прыйшлі 9 тысяч чалавек.
UPD 28.04.2014 15:12
Міхалок запісаў адмысловы відэазварот наконт падзеў у "Іжэўску"