Ядро абганяе паверхню Зямлі
Цьвёрдае ядро Зямлі дыямэтрам каля 2 тысячаў 400 км аварочваецца ў год на 0,25-0,5 градусы хутчэй, чым астатняя плянэта. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Калумбійскага ўнівэрсытэта і Ўнівэрсытэта Ілінойса, ЗША. Аб гэтым паведаміў часопіс Science.
Навукоўцы мяркуюць, што розная колькасьць авароту тлумачыцца магнітным узаемадзеяньнем.
Ідэю больш хуткага авароту ядра выказалі ў 1996 годзе двое з аўтараў сёньняшняга дасьледваньня – Пол Рычардс і Сяодун Сун.
Амаль 10 год дасьледвальнікі вывучалі час распаўсюду хваляў землятрусаў скрось зямлю, прааналізаваўшы так званыя “куплеты”. Гэта землятрусы, якія ўзьнікаюць на адлегласьці прыкладна паўмілі адзін ад аднаго, аднак у розны час.
Навукоўцы зьвярнулі ўвагу на парныя сэйсьмічныя хвалі – “рэха” 30 землятрусаў у цэнтры Паўночнай Амэрыкі, якое запісвалася 58 сэйсмастанцыямі Аляскі.
Розьніца ў форме сыгналаў і іх спазьненьні паказвала, што хвалі з агульнай крыніцаю праходзяць неаднолькавы шлях. Гэта тлумачылі асаблівасьцямі ўзаемадзеяньняў зь цьвёрдым ядром Зямлі – жалеза-нікелевым шарам.
Цьвёрдае ядро знаходзіцца ў атачэньні вадкага зьнешняга ядра 6 тысяч 700 км у сячэньні.
Паколькі плянэта падзеленая на 360 градусаў даўжыні, ядро, якое аварочваецца 0,25-0,5 градуса хутчэй у год, за 700-1400 год можа апярэдзіць астатнюю плянэту на адзін аварот. Аднак у інтэрвію Сун заявіў, што хуткасьць можа з часам зьмяняцца і што час ад часу ядро рухаецца павольней астатняй плянэты.
“Тое, што мы зараз бачым, гэта фрагмэнт доўгага працэсу ўзаемадзеяньня паміж магнітным полем і ўнутраным ядром, - паведаміў ён. – Я мяркую, што гэтая хуткасьць з часам мяняецца”.
“Надзіва, што мы здолелі назіраць такое за такі кароткі пэрыяд часу”, -- дадаў ён, адзначыўшы, што вымярэньні вяліся на працягу ўсяго толькі меней 10 год. Зь яго словаў, геолягі звычайна разважаюць катэгорыямі ў тысячы і мільёны гадоў.