Ігар Логвінаў атрымаў у Лондане прэстыжную выдавецкую прэмію

Узнагарода “Свабода выдаць” Міжнароднай Асацыяцыі выдаўцоў уручаецца пачынаючы з 2005 года персоне ці арганізацыі “за ўзорную мужнасць у адстойванні свабоды выказвання і свабоды друку”. Імя пераможцы абвесцілі 8 красавіка ўвечары на Лонданскім кніжным кірмашы. На прыз Ігара Логвінава намінавала ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Узнагароду атрымлівала ў Лондане Аляксандра Логвінава, дачка выдаўца. Сума прэміі склала 10 тысяч швейцарскіх франкаў.

“Ігар Логвінаў – важная асоба ў беларускай літаратуры і культуры, – кажа Дугал Томпсан, сакратар па сувязях з грамадскасцю Міжнароднай Асацыяцыі выдаўцоў. – У выдавецтве было выпушчана звыш 700 выданняў – літаратура, гісторыя, палітыка, мастацтва, пераклады сусветных літаратараў на беларускую мову... Спыненне ліцэнзіі выдавецтва Логвінава – гэта палітычная спроба ціску на творчага і адважнага выдаўца, намаганне заглушыць голас свабоды і адкрытасці ў Беларусі”.

У кастрычніку 2013 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла ліцэнзію выдавецтва “Логвінаў” за “парушэння правілаў ліцэнзавання” ў выдавецкай справе. Падставай для такога рашэння стала тое, што Логвінаў быў выдаўцом альбома “Беларусь Прэс Фота-2011” – каталог фатаграфій, які ўключае, напрыклад, фота збіцця пратэстоўца міліцыяй.

Ігар Логвінаў абяцае працягваць выдаваць важныя творы.

“Менавіта дзякуючы няпростым умовам, у якіх яна ствараецца: і палітычным, і сацыяльным, і моўным, сучасная беларуская літаратура – гэта тое, што сапраўды цікава ў нашай краіне, тое, што сапраўды кранае, – кажа Ігар Логвінаў. – І я вельмі хачу, каб з гэтым фенаменам пазнаёмілася як мага больш нашых людзей”.

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе, яе місіяй з'яўляецца садзеянне і абарона кнігавыдання і павышэнне дасведчанасці ў выдавецкай дзейнасці. Ва ўсім свеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаванню аўтарскіх правоў, пісьменнасці і свабоды друку.

17:00, 10/04/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0619 seconds.