Плянуецца акцыя "Хочам вучыцца па-беларуску - 2"

Моладзевыя ініцыятывы "Задзіночаньне беларускіх студэнтаў", Моладзь ліцэю і Моладзь БНФ 1 верасьня плянуюць правесьці акцыю "Хочам вучыцца па-беларуску - 2". Мэтай акцыі ёсьць прыцягненьне ўвагі да праблемаў зь беларускамоўнай адукацыяй, а таксама да рэпрэсіяў супраць грамадзка актыўных студэнтаў.

Падобная акцыя адбылася летась у выглядзе флэшмобу на Кастрычніцкім пляцы, калі яго ўдзельнікі былі прывэнтыўна затрыманыя менскім АМАПам. Нягледзячы на затрыманьні, акцыя ўсё ж адбылася, і выклікала павышаную зацікаўленасьць грамадзкасьці й журналістаў да ўзьнятых праблемаў.

Да правядзеньня акцыі моладзь падштурхнулі падзеі мінулага навучальнага году: гэта й галадоўкі школьнікаў, і масавыя адлічэньні з унівэрсытэтаў, і абсурдны загад міністра адукацыі Об некоторых мерах по недопущению вовлечения молодёжи в противоправные действия политического толка, які фактычна пазбаўляе студэнта права выказваць сваё меркаваньне.

Як адначыў адзін з арганізатараў акцыі актывіст ЗБС Сяржук Семянюк: "Беларускамоўная адукацыя зараз амаль немагчымая. Беларускамоўныя школы зачыняюцца, для навучаньня па-беларуску ў ВНУ ня створана аніякіх умоваў. Больш таго, беларускамоўныя студэнты перасьледуюцца".

1 верасьня сябры дэмакратычных моладзевых ініцыятываў накіруюць лісты-запыты ў мясцовыя аддзелы адукацыі наконт наяўнасьці школаў і клясаў зь беларускай мовай выкладаньня. На ўнівэрсытэцкіх і школьных ліноўках плянуецца раздаваць сатырычныя коміксы і паштоўкі-віншаванкі. У цэнтры гораду будзе праведзены пэрфоманс. А 18 гадзіне ля помніка Купалу моладзь запрашае прыняць удзел у імправізаваным бардаўскім канцэрце.

tarka 14:00, 29/08/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.