Выйшла кніжка пра будні маладой журналісткі, якая працуе на адным з беларускіх незалежных радыё
Першая кніга Кацярыны Оаро — маладой беларускай аўтаркі, якая цяпер жыве і працуе ў Францыі — сталася дзясятым выпускам серыі «Пункт адліку» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аповесць выйшла напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Кнігазбор», днямі яе забралі з друкарні.
Увазе чытачоў — «свежая» проза і ў простым, і ў пераносным сэнсах. Кнігу, юбілейную для серыі «Пункт адліку», прыемна патрымаць у руках не толькі таму, што яна яшчэ пахне друкарскай фарбай. Перад намі — прыклад гарадской моладзевай прозы на вострасацыяльную тэматыку, піша прэс-служба «Саюзу беларускіх пісьменнікаў».
У аповесці «Сарочае радыё. Лісты падзякі» апісваюцца будні маладой журналісткі, якая працуе на адным з беларускіх незалежных радыё. Месца дзеяння пазнавальнае — гэта Мінск. Настолькі ж пазнавальнымі многім чытачам могуць падацца і сённяшнія беларускія рэаліі, і тыповыя сацыяльныя характары, і першы журналісцкі досвед студэнта-пачаткоўца.
Кніга будзе цікавай не толькі равеснікам аўтаркі, пакаленню дваццаці- або трыццацігадовых, але і старэйшай чытацкай аўдыторыі.