У Гродзенскім універсітэце звольнілі гісторыка Іну Соркіну і на яе месца ставяць «сталініста»

Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, звольненая з працы.

Іна Соркіна

«Няма іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць (іначай назваць нельга) з універсітэта навукоўца і выкладчыка, якая мае 70 навуковых публікацыяў за апошнія пяць год. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з працы аўтара выдатнай манаграфіі "Мястэчкі Беларусі ў к. 18-пач.19 стст." Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта грамадзянку, якая актыўна выступала і выступае за захаванне гістарычнай спадчыны Гародні. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта калегу, якая даводзіла несправядлівасць і шкоднасць для беларускай навукі і прэстыжа універсітэта звальнення з універсітэта гісторыкаў Вячаслава Шведа і Андрэя Чарнякевіча», — піша «Гарадзенская бібліятэка».

Па звестках фэйсбук-старонкі «Гарадзенская бібліятэка» кіраўніцтва гістфака (дэкан Аляксандр Нечухрын) замяняе Соркіну на Ўладзіміра Ягорычава, выкладчыка з красамоўнай мянушкай «сталініст», які зрабіў асуджальную экспертызу кнігі Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай» і які выступае публічна з тэкстамі, падобнымі да гэтага:

«Мы будем выглядеть мелко, даже ничтожно перед потомками, если события Октября 1917 года, оказавшие воздействие на ход отечественной и мировой истории, на судьбы миллионов людей, попытаемся перевести в разряд трагической «ошибки», о которой лучше не вспоминать. И очень хорошо, что сегодня в Беларуси большинство не желает переписывать историю заново, а старается извлечь из нее мудрые уроки. ...Нравится кому–то или нет, но Октябрьская революция оставила свой глубокий след в истории, эхом отозвавшись на всем земном пространстве. Ее неоднозначный опыт сегодня открыт всем, кто честно хочет чему–нибудь научиться у людей, искренне стремившихся к идеалам свободы, социальной справедливости и всеобщего равенства».

Іну Соркіну звольніла Рада факультэта гісторыі, турызма і камунікацыі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта. Спадарыня Іна мае тыдзень, каб падаць апеляцыю на рашэнне Рады. Цягам месяца апеляцыя будзе разгледжаная рэктарам Андрэем Каралём і Радай універсітэта.

12:40, 13/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0585 seconds.