«Калі вырашаеш, што хэндмэйд будзе працай, а не хобі — так і адбываецца»

Як за адзін год атрымаць поспех у сферы, якая раней была знаёмая толькі крыху ў якасці хобі. Паспрабаваўшы шэраг розных мэйнстрымавых заняткаў, выпускніца БДПУ Алена Маскалёва раптоўна і авантурна вырашыла прысвяціць сябе цалкам творчай працы з дрэвам. У выніку за адзін год яе брэнд WoodenFind стаў запатрабаваным вытворцам драўляных упрыгожванняў, цацак і модных дошак для малявання крэйдай.

«Па тым, што я раблю, няма майстар-класаў»

Творчая праца з дрэвам — такая ж асцярожная, далікатная і паступовая, як працэс росту гэтых дрэваў у прыродзе. Але выбар яе для выпускніцы БДПУ стаў дзёрзкім і смелым учынкам.

«Тое, чым я займаюся — вялікая авантура ў маім жыцці, — распавядае дзяўчына. Кідаць звычайную офісную працу было не страшна, але баялася іншага — што скончацца ідэі, што няма будучыні ці не атрымаецца рабіць якасна. — Я вырашыла сама навучыцца ўсяму – па тым, што я раблю, няма майстар-класаў. Зараз такія страхі ўжо зніклі. Я займаюся сваёй справай болей за год і бачу будучыню ў ёй».

Кожны за сябе вырашае сам, накапіць грошай альбо падтрымаюць блізкія

«У офісе я сядзела на крэсле і актыўнасць была ў тэлефоне або інтэрнэце. Гэта для мяне было складана не толькі псіхалагічна, але і фізічна», — расказвае Алена сваю гісторыю.

А ці цяжка было сысці ў хэндмэйд? Як жа штомесяцовы гарантаваны заробак?

«Кожны за сябе вырашае сам, накапіць грошай на першы час альбо падтрымаюць блізкія. Гэта звязана з любой зменай працы».

А як адукацыя, ці не шкада пяці гадоў у БДПУ?

«Зусім не шкада. Я ўвогуле лічу, што ў працы выкарыстоўваю частку ведаў. Я шмат што раблю для дзяцей».

Дзяцей вельмі лёгка зрабіць шчаслівымі. І няшчаснымі — так жа лёгка

Зрабіць падарунак для самых маленькіх – асобнае мастацтва. Трэба рэч незвычайная і патрэбная ў адзін час, з якой можна ўзаемадзейнічаць доўга і выкарыстоўваць па-рознаму. Як крэйдавыя каляровыя дошкі, якія робіць Алена – нібы расфарбоўка, дзе можна маляваць яшчэ і яшчэ, па-рознаму ў розным узросце і настроі, якія так хутка мяняюцца.

«Дзеці адрозніваюцца ад дарослых тым, што іх вельмі лёгка зрабіць шчаслівымі. І няшчаснымі — так жа лёгка. Дарослага складаней разварушыць», — тлумачыць Алена.

Лепшае для майстра — бачыць, што працу ацанілі: «Калі нехта расказвае з кліентаў, як набылі майго слоніка ў дзіцячы пакой, ды потым цалкам усё пад яго падстрайвалі — вельмі прыемна, калі такое чуеш».

Якія падарункі ў трэндзе ў беларускамоўных

Па замовах можна назіраць культурныя з’явы: ад таго, што дораць каталікі да таго, якія падарункі ў трэндзе ў альтэрнатыўных людзей.

«Шмат беларускамоўных людзей да мяне звяртаецца і шмат католікаў – перад іх Раством. Шмат беларускамоўных людзей. Можа, я проста такія рэчы вырабляю, якія прыцягваюць альтэрнатыўных? Я лічу, што беларускамоўныя людзі – альтэрнатыўныя. — разважае Алена. — Гэтыя ж людзі часам вандроўнікі, рамантыкі, ці проста выглядаюць запамінальна».

«Зараз я працую заўсёды. І ўначы таксама»

Перад навагоднімі святамі майстроў літаральна завальваюць замовамі старыя і новыя кліенты – гэта самы сезон, у які дзень працы ідзе за два.

Колькі часу на суткі ты працуеш зараз, у канцы года?

«Зараз – заўсёды. І ўначы таксама, — з усмешкай расказвае Алена. — Гэта мая асноўная праца. Калі ты вырашаеш, што хэндмэйд будзе не хобі — так і адбываецца.

Я скончыла педагагічны універсітэт, працавала ў розных фірмах — чым толькі не займалася. Потым была ў інтэрнэт-праекце пра сучаснае фота. Атрымлівалася, але разумела, што хачу іншага: мне падабаецца ствараць, у мяне вельмі шмат ідэй, і іх трэба некуды прыстроіць».

Сонечна-драўляна-крэйдавая майстэрня

Майстэрня, дзе матэрыялізуюцца навагоднія цуды Алены – драўляна-крэйдавая, сонечная і хрусткая, як і карычневая абгортачная папера на стале. Паўпустая, бо ўсё, што ствараецца, адразу разбіраюць. Нават на выставу не стае часу падрыхтавацца — ды, можа, і няма сэнсу пры такой колькасці замоваў.

Ля дзвярэй — вешалка з конікам і шышкамі, якую Алена неўзабаве будзе фатаграфаваць на балконе. Палічкі з інструментамі, карой, розным дрэвам і тымі ж шышкамі, што назапашваюцца ў цёплы час.

Насамрэч працуецца ўночы не толькі па неабходнасці – менавіта тады можа з’явіцца натхненне.

Алена любіць начны час, але... 

«Мая праца не заўсёды фізічная»

...пілаваць намагаецца ўдзень.

Лобзікам працуеш?

«Так. Але мая праца не заўсёды фізічная. Я не заўсёды стаю з пілой. Дзесяць хвілін, а потым дзве гадзіны іншае раблю. Трэба і прыдумаць ідэю, і намаляваць яе спачатку».

Працоўнае месца творцы па дрэве наводзіць на думкі, што праца гэтая не з лёгкіх.

Але Алена аспрэчвае:

«Выхавальніцай у дзіцячым садку фізічна цяжэй працаваць. Яны за дзень цябе так уматаюць!»

У садок выпускніца БДПУ трапіла па размеркаванні, але адпрацавала тэрмін і сышла.

«Я ведаю, што мяне натхняе»

З дзецьмі цікава, калі іх не дваццаць, а адзін ці два — так падаецца Алене. Яе музе чатыры гадкі, і гэта пляменніца. З музай можна разам атрымліваць асалоду ад мульцікаў, калі тая завітвае на госці.

«Я ведаю, што мяне натхняе. Спадабаўся мульцік “Беларусьфільма” пра Піліпку – ён ўдзельнічаў у “Лістападзе”. Новы і вельмі прыгожы, хаця і не мой улюбёны. Беларускі, што таксама вельмі важна. “Ёжик в тумане”, канешне, падабаецца. Не дзіцячы зусім і таленавіта зроблены».

Каб працавалася лягчэй і прасцей, Алена любіць пагартаць прыгожую кнігу з ілюстрацыямі, на якую прыемна глядзець і трымаць у руках. І не толькі:

«Абавязкова шпацыры. Я жыву ў цэнтры, таму выходжу і адразу — усё самае прыгожае ў горадзе для мяне. Шпацыры па горадзе вельмі натхняюць. Я вялікі аматар прыроды, асабліва лесу, паркаў. Нават гадзіна сярод дрэваў магічна на мяне ўздзейнічае». 


Ганна Валынец 17:14, 27.12.2013 | Самаробкі |




comments powered by Disqus
 
In 0.0493 seconds.