Магілёўскі студэнт падаў у суд на аўтапарк з-за спазнення аўтобуса і выйграў справу

Студэнт з Магілёва Аляксандр Хамратаў некалькі разоў спазняўся на заняткі з-за таго, што адзіны аўтобус, які ходзіць каля яго дому, не выконвае расклад. У ліпені хлопец ехаў па справах, чарговы раз спазняўся, але вырашыў змяніць сітуацыю. Шукаць справядлівасці студэнт пайшоў у беларускі суд.  


Аляксандр Хамратаў ужо не ўпершыню звяртаецца ў суд па абарону сваіх правоў. Раней ён судзіўся з міліцыянтамі за 4 тысячы рублёў. Фота Радыё Свабода.

Для жыхароў раёну, дзе жыве Аляксандр Хамратаў, аўтобус 24 — адзіная сувязь з цэнтрам. Прыпынак знаходзіцца на самым ускрайку Магілёва. Транспарт ходзіць раз на паўгадзіны, таму расклад аўтобусаў мясцовыя памятаюць вельмі добра.

Згодна правілам спазненне грамадскага транспарту дапускаецца не болей за 5 хвілін і апярэджанне на 3. Але студэнт зафіксаваў, як аўтобус прыехаў раней на 5 хвілін, а іншым разам спазніўся на 10. Каб дабрацца да цэнтру ў такіх выпадках жыхары карыстаюцца марштруткамі. Але гэта павялічвае кошт праезду і не заўсёды выратоўвае ад спазненняў.

«Раз аўтапарк павесіў інфармацыйныя таблічкі, гэта свайго роду публічны дагавор, згодна з грамадзянскім кодэксам, трэба выконваць гэтыя ўмовы. Кошт позвы 10 тысяч рублёў. Але гэта фармальная нагода звароту ў суд. На самай справе, каб прымусіць аўтапарк працаваць згодна раскладу», — распавёў СТВ магілёўскі студэнт.

Цяпер аўтобус нумар 24 у Магілёве ездзіць па графіку. Суд прыняў бок студэнта, аўтапарк стаў уважлівей кантраляваць кіроўцаў. Але прынцыповы хлопец плануе падаваць касацыйную скаргу, бо пункт яго звароту аб кампенсацыі выдаткаў на маршрутку застаўся незадаволеным.

Уні Вера 15:40, 21/11/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.5306 seconds.