Акцыя ў дзень зачыненых унівэрсытэтаў – студэнцкае шэсьце пад канвоем АМАП

Сядзець 10 хвілінаў на Кастрычніцкім пляцы са сьвечкамі ў рукох не атрымаласяЗаплянаваны фармат акцыі – сядзець 10 хвілінаў на Кастрычніцкім пляцы са сьвечкамі ў рукох – ператварыўся ў гадзінавае шэсьце студэнтаў пад канвоем АМАП. 5 жніўня многімі беларускімі студэнтамі лічыцца Днём зачыненых унівэрсытэтаў - у мінулым годзе якраз у гэты дзень быў ліквідаваны Эўрапейскі Гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ). Зь ініцыятывы студэнтаў ЭГУ моладзь, неабыякавая да неабгрунтаванага закрыцьця шэрагу навучальных установаў, сабралася на Кастрычніцкім пляцы, каб правесьці акцыю смутку.

Роўна ў 22:00 на пляц пачалі падыходзіць невялікімі кампаніямі студэнты і акуратна сядаць на зямлю, запальваючы сьвечкі. Не прайшло і некалькі хвілінаў, як да студэнтаў падбегла каля дваццаці амапаўцаў, якія загадалі тэрмінова пакінуць пляц і затушыць сьвечкі. Студэнты адмовіліся, на што амапаўцы пачалі выцікаць ўсіх з пляцу – за “Палац рэспублікі”. Студэнты працягвалі трымаць сьвечкі і павольна ішлі. У выніку, ўтварылася шэсьце з чалавек пяцідзесяці, якое завершылася ажно ля Нямігі.

Затрыманьняў ня было. Але да ўдзельнікаў акцыі прыбіліся два падвыпіўшыя скіны, якія спрабавалі справакаваць студэнтаў. Паводзіны амапаўцаў былі на дзіва супярэчлівыя – некаторыя ўступалі ў дыскусіі з удзельнікамі акцыі і спрабавалі неяк абгрунтаваць свае дзеяньні, а некаторыя пагражалі натравіць на студэнтаў скіноў.

Фотаздымкі з акцыі:

Воля Кузьміч 00:20, 06/08/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.