16 кастрычніка споўнілася б 52 гады выдатнаму паэту і музыканту Сяргею «Олдзі» Белавусаву, лідару лепшай рускай рэгі — каманды «Комитет Охраны Тепла». У гонар дня нараджэння Олдзі гурты «Ляпіс Трубяцкой» і «Карибасы» выпусцілі сумесны міні-альбом пад назвай «Oldi. Serеnity Dub».
У гэты EP увайшлі чатыры трэкі «Ляпісаў», рэміксаваныя Дзмітрыем «ДимДимычем» Васільевым («Карибасы»): ён зрабіў рэгі- і даб-міксы на песні «Афрыка» і «Рыбка залатая». ДзімДзімыч прыдумаў і назву для рэлізу — падчас працы ў студыі яму трапілася на вочы старая вокладка ад касеты, на якой рукой Олдзі было напісана : Serenity Dub (serenity, у перакладзе з ангельскай, азначае спакой).
Сяргей Міхалок пра Олдзі:
— У свой час песні Олдзі былі вядомыя толькі дастаткова вузкаму колу аматараў рэгі і ска, людзям з субкультуры. Я таксама быў такім, калі даўным-даўно выконваў яго песні пад гітару ў Крыме, на ўзбярэжжах Ялты і Гурзуфа, але я ўжо тады разумеў, што, гэтак жа як Летаў, Башлачоў, Майк Навуменка, Чысцякоў, як усе вялікія рок-паэты і рок-музыкі, Олдзі можа быць цікавы і зразумелы значна больш шырокаму колу людзей. Рэчы, пра якія ён спяваў, выходзяць не толькі за рамкі нейкай канкрэтнай субкультуры, але і наогул- за рамкі рок-н-ролу. Яго песні зразумелыя людзям, зусім далёкім ад панк-рока або растафарыянства , і ў гэтым ён падобны на іншага вялікага рэгі-музыканта Боба Марлі — яго ж таксама слухаюць далёка не толькі растаманы, хоць сам ён да смерці заставаўся такім. Песні Олдзі павінны і будуць жыць доўга. Для маладых людзей, якія разам з намі спяваюць песню «Афрыка», мы проста медыятары ў свет Олдзі. Пасля нашай «Афрыкі» яны пачынаюць слухаць «КОТ» і для іх у гэтых песнях усё зразумела. Значыць, гэтая музыка, гэтыя тэксты, гэтая энергія — рэчы пазачасавыя.