Беларускія ўлады выгналі амэрыканскага прафэсара

Тэрры БошУлады мэтанакіравана працягваюць выганяць “непажаданых” для Беларусі людзей. 15 ліпеня з краіны “папрасілі” яшчэ аднаго замежнага грамадзяніна – вучонага з ЗША Тэры Боша, які апошнія два гады выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У пятніцу прафэсара папярэдзілі, што яго і двух яго дачок выганяюць зь Беларусі. На зборы было адведзена ўсяго дзьве гадзіны.

Прэс-служба Амбасады ЗША паведаміла, што справа Боша – “прыватная справа, зьвязаная з грамадзянінам ЗША”, і яе пакідаюць без камэнтароў. Удакладненьні ўнесла Марыя Ваньшына, супрацоўніца аддзела інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі: “Спадару Бошу адмоўлена ў працягу рэгістрацыі па лініі кампэтэнтных ворганаў”.

Што ж змусіла зрабіць такі крок МЗС Беларусі? І чаму такая неадкладнасьць? Тэры Бош пастараўся сам знайсьці прычыны, па якіх трапіў да беларускіх уладаў у няміласьць:  “Калі паглядзець на кантэкст, то ў мінулым годзе беларускія ўлады зачынілі апошні незалежны беларускі ўнівэрсытэт – Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Пазней улады “выставілі за дзьверы” брытанскага прафэсара, які выкладаў у дзяржаўным унівэрсытэце. Два тыдні таму супрацоўнікі беларускага КДБ “штурмавалі ” летні лягер па вывучэньні ангельскай мовы, у якім выкладалі амэрыканскія школьнікі і затрымалі 23 навучэнцы “для праверкі дакумантаў”. На гэтым тыдні ўрад аб’явіў, што ён больш ня будзе выдаваць гадавыя візы нікому з гуманітарных работнікаў, якія прыязджаюць з Захаду”.

Тэры Бош нядаўна арганізаваў самую вялікую студэнцкую канфэрэнцыю ў гісторыі нашай краіны, у якой удзельнічала больш за 550 студэнтаў з 27 унівэрсытэтаў і 6 краінаў, па тэме “Глябальныя тэндэнцыі ў бізнэсе”. Таксама стварыў праграмы, якія сумяшчаюць лекцыі па прафэсійнай ангельскай мове з разгорнутымі курсамі па бізнэсе, кіраваньні, праве, абучэньні лідэрству і этыцы. Акрамя таго сярод заслугаў Тэры Боша 40 тысячаў падручнікаў па ангельскай мове, падораных беларускім школам, аказаньне дапамогі ў ажыцьцяўленьні вялікага чарнобыльскага праекта, дапамога беларускім студэнтам-удзельнікам акадэмічных і рабочых праграм у Эўропе і Амэрыцы.

Асабістая справа.
Тэры Бош.
Магістр карпаратыўнага права (школа права Вальпарыса, Індыяна). Вывучаў права Эўрапейскай супольнасьці ў Страсбургу, Брусэлі і Люксембургу. Мае 13-гадовы вопыт работы адвакатам у ЗША ў вобласьці карпаратыўнага і працоўнага права. Выкладаў у Гане, Літве, Францыі і Беларусі. У Беларусі 2 гады. Выкладаў у БДУ міжнароднае права і бізнэс.

Сяржук Семянюк 10:40, 20/07/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.