За падробку даведак з паліклінікі на студэнтаў БНТУ завялі 26 крымінальных спраў
Студэнтам пагражае да 3 гадоў турмы за прадстаўленне ў дэканаты несапраўдных даведак з паліклінікі.
Пракуратура Менску рыхтуе для перадачы ў суд 26 крымінальных спраў, заведзеных супраць студэнтаў БНТУ за падробку дакументаў у пачатку года.
Па інфармацыі агенцтва «Мінск-навіны», студэнты праз «Vk.com» або па тэлефоне давалі свае звесткі невядомаму грамадзяніну, які за грошы падрабляў для іх даведку аб часовай непрацаздольнасці з рэквізітамі 33-й студэнцкай паліклінікі. Навучэнцы прад'яўлялі іх у дэканаты ў якасці апраўдання пропуску заняткаў, няяўкі на залікі і іспыты.
Па словах супрацоўніка пракуратуры, да ўступлення ў сілу Кодэкса аб адукацыі, студэнта папросту маглі адлічыць з ВНУ за прадстаўленне дакументаў з заведама недакладнымі звесткамі. Цяпер жа такая мера пакарання прадугледжана толькі ў выпадках адсутнасці вучня на занятках больш за 30 дзён без паважлiвай прычыны або неналежнага выканання ім абавязкаў (пры ўмове, што да яго раней ужо ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнання).
Аднак у 26 студэнтаў цяпер больш істотныя праблемы акрамя адукацыі. Паводле Крымінальнага кодэкса, максімальна ім можа пагражаць да 2 гадоў абмежавання волі, а тыя, хто некалькі разоў карыстаўся падробленымі дакументамі, і зусім могуць правесці да 3 гадоў у турме. Адзін з герояў гісторыі — непаўнагадовы, вучацца яны на 9 розных факультэтах. Шасцярых, раней ужо адлічылі за акадэмічную запазычанасць, а адзін скончыў навучанне.