Пяць бясплатных выставаў верасня

Сіноптыкі не маюць аптымізму наконт спрыяльнага надвор’я, каб асабліва доўга шпацыраваць па горадзе. Але каляровая лістота атакуе і дома ўсё ж не сядзіцца. У такіх умовах брытанскае надвор’е  — выдатная нагода кароткімі перабежкамі прайсціся па горадзе ў пошуках фарбаў у культурных кропках. Generation.by зайшоў на пяць вераснёвых выставаў Менску.

У Мастацкай галерэі «Універсітэта культуры», напрыклад, можна адразу злавіць двух зайцаў. Зараз там паралельна праходзяць дзве выставы.

«PROFECTUS». Рух наперад у дыпломных працах глебаўскага каледжу

Дыпломныя працы з глебаўскага каледжу — вялікія палотны і дзіўныя скульптуры маглі бы распавесці нешта новае, але хутчэй нагадаюць забытае.

Калі: з 10 па 21 верасня 2013 года.

Дзе: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Час працы: 11.00 – 19.00. Выхадныя: нядзеля, панядзелак.

Уваход вольны.

«Без межаў» манікюрнымі нажніцамі

Мастачка Надзя Бука працуе ва ўнікальнай тэхніцы «буцінанка». Магчыма кіруючыся запаветам Міхалка «Навошта гэтыя межы, калі за іх рэжуць», аўтарка стварае сюррэалістычныя кампазіцыі «Без бежаў» пры дапамозе звычайных манікюрных нажніц. На выставе гасцей чакаюць тры дзесяткі яскравых і часам крыху дзёрзкіх буцінанак.

Калі: з 6 па 21 верасня 2013 года.

Дзе: Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Час працы: 11.00 – 19.00. Выхадныя: нядзеля, панядзелак.

Уваход вольны.

«Карціны, напісаныя нафтай»

Калі ад Палацу Рэспублікі сысці ў бок Траецкага, недзе сярод сінтэтыкі старога гораду, хаваецца невялікая выстава Людмілы Жыжэнка. Мастачка распрацавала свой метад напісання карцін. Замест акварэльнай фарбы выкарыстоўваецца нафта, нанесеная на спецыяльную сухую паперу. Карціны ў выніку маюць эфект пажоўклых ад часу фатаграфій. Нафта для аўтаркі не толькі сродак, але і тэма, якая разбаўляе класічныя пейзажы.

Калі: з 26 жніўня па 30 верасня 2013 года.

Дзе: галерэя «Славутыя майстры» (Траецкая набярэжная, 6).

Час працы: 10.00 – 19.00, субота, нядзеля - да 17.00

Уваход вольны.

«Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911 – 1912 гады»

Кінатэатар «Перамога» на працягу верасня паказвае не толькі галівудскія кінакадры, але і вытрыманыя стагоддзем фотакартачкі беларускага этнографа Ісака Сербава. Самыя модныя тэндэнцыі ў вопратцы беларусаў пачатку дваццатага стагоддзя — у пажоўклых без дапамогі інстаграма і нафты фотаздымках.

Калі: з 29 жніўня па 20 верасня 2013 года.

Дзе: кінатэатар «Перамога» (вул. Інтэрнацыянальная, 20). Час працы: з 11.00 – 21.30. Без выходных.

Уваход вольны.

Персанальны праект Аляксея Хацкевіча  D.A.R.

Калі не звярнуць налева, заходзячы ў бар «Ў», то проста па курсе за пластыкавымі дзвярыма — дэкаратыўна-абстрактны рэалізм на белых сценах Галерэі «Ў» ад таго самага «Сашы» з дуэту «Саша і Сірожа». 

Калі: з 5 па 20 верасня 2013;

Дзе: Галерэя «Ў» (Незалежнасці, 37а). Час працы: з 11.00 -22.00 панядзелак — пятніца і з 12.00 — 22.00 субота, нядзеля. 

Уваход вольны.


Юля Сакалоўская 13:44, 13.09.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0833 seconds.