Нефармальны дом культуры «La мора» развітаўся з Менскам

Утульную драўляную хатку ў Грушаўцы, якая за апошнія два гады зрабілася культурнай кропкай нефармалаў, зносяць. Арганізатары дому культуры «La мора» ладзілі ўчора развітальную вечарыну.

На шчасце, імпрэза атрымалася не самай апошняй: тэрмін зносу хаты перанеслі і свабодная арт-прастора будзе працаваць на старым месцы яшчэ прынамсі тыдзень ды паспее прыняць новых гасцей.

«La мора» з’явілася ўлетку 2011 як лецішча для сяброў і меркавалася, што праіснуе толькі да восені. Але сябры прывялі сяброў, кола наведвальнікаў пачало паціху расці, і было вырашана працягнуць. У першы год вясковая хатка працавала ў фармаце «пляцоўка для сваіх», і людзей з вуліцы туды не бралі. Але з цягам часу завадатары перадумалі і пусцілі да сябе простых смяротных. За два гады ў хаце пабывала больш за тысячу чалавек, 2-3 разы на тыдзень праводзяцца канцэрты, кінапаказы, выставы, на лямораўскай базе таксама дзейнічае English club. Ніякай камерцыі, усё бясплатна.

«Людзі не зарабляюць тут, а яны робяць ініцыятывы, якіх ім не хапае і не таму, што яны галодныя, а якраз таму што яны на ежу зарабіць могуць, а вось чагосьці іншага ім не хапае, на больш высокім узроўні. Ніхто ні ў каго грошы не бярэ. Калі хтосьці хоча дапамагчы, то бярэ ўдзел у рамонце доміка ці навядзенні парадку», — тлумачыць адзін з каардынатараў Максім. 

Ідэя «La мора» прыйшла студэнткам ЕГУ Каці Лапушынскай і Волі Палубенка. Дзяўчыны натхніліся рускім «Домам на дрэве» і захацелі зрабіць нешта падобнае і тут. Вельмі хутка знайшлі хатку, арэнду за якую плацілі з уласных грошаў ці з тых, што пакідалі наведвальнікі ў якасці ахвяраванняў. Каця і Воля зараз адышлі ад праекту, першапачатковая ідэя трансфармавалася, і творчай прасторай займаюцца ўжо іншыя людзі. 

«Цяпер для нас галоўнае, каб людзі разумелі, што кожны, хто прыходзіць, можа праявіць сваю ініцыятыву. Для маладых людзей, асабліва ў Беларусі, гэта вельмі важна. Каб яны адчувалі, што творчасць камусьці патрэбная», — гаворыць яшчэ адна каардынатарка «La мора» Ганна. 

Развітальная паці прайшла ў традыцыйным фармаце хаткі: людзі прыходзілі самі, з сябрамі, а нехта захапіў і дзяцей. Пілі гарбату і ўзгадвалі падзеі за два гады існавання. Далейшы лёс дома культуры невядомы: актывісты шукаюць новае памяшканне, дзе і калі адкрыецца новае «Ля мора» — загадка і для саміх каардынатараў праекта. Кажуць, што калі нават і не знойдуць сталае памяшканне, то будуць праводзіць свае івэнты ў музеях. Каманда «La мора» аптымістычна глядзіць наперад, але ўжо крыху сумуе па ўтульнай вясковай хаце пасярод гораду:

«Зараз з’яўляецца больш такіх гарадскіх месцаў, будуюцца новыя дамы, а старыя знікаюць. І гэта было таксама важна, бо дом быў як востраў у вялікім горадзе». 

Да закрыцця «Ля мора» ў ім яшчэ запланаваныя некалькі мерапрыемстваў, сярод якіх канцэрт Віктара Сямашкі 21 верасня.

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 12:02, 12.09.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0372 seconds.