Кірыла Анохін выпусціў сваю першую кнігу

У «Пункце адліку» бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшла новая дэбютная кніга. Восьмым па ліку маладым аўтарам зрабіўся Кірыла Анохін са зборнікам вершаў «Асцярожна, дрэвы зачыняюцца». Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор».

* * *

заблукалым дзіцём

шукаючы выйсце

са свайго лядашчага

лесу

ўжо чую

як асцярожна

зачыняюцца

дрэвы

З анатацыі да кнігі:

Аўтар гэтай кнігі нешматслоўны - ён піша не толькі вершы, але і маўчанне, у якім яны гучаць. Кірыла Анохін ведае, чым і як трэба пацерці старое, пакрытае іржой слова, каб яно ажыло і само здзівілася свайму новаму існаванню. «Асцярожна, дрэвы зачыняюцца» - гэта хутчэй заклік да ўваходу, чым перасцярога, бо нават сезонныя змены надвор'я тут робяцца цудам, які варта перажыць разам з аўтарам.

Пра аўтара:

Кірыла Анохін нарадзіўся ў 1987 годзе ў Мінску. У 2009 г. скончыў гістарычны факультэт БДУ. Пераможца фестывалю аднаго верша (Мінск, 2011). Зацікаўленасці: верлібры, музыка, філасофія.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

15:40, 01/08/2013 | Навіны |
 
In 0.0583 seconds.