У верасні студэнты заплацяць за адукацыю да 20% болей
Фота: Юля Сакалоўская
Пакуль студэнты на вакацыях універсітэты пачалі публікаваць новыя цэны на адукацыю. Чарговае падвышэнне складае да 20% ад папярэдняга кошту.
У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце кошт навучанне на стаматалагічным факультэце ўзрос адразу болей чым на 3 млн. — да 19 млн 150 тыс. У Віцебску на аналагічным факультэце кошт узрос амаль на столькі ж, ён складзе 18 млн. 576 тыс.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт таксама размясціў новыя кошты. Для першакурснікаў - да 15 млн 360 тыс. рублёў. Ранейшы максімальны кошт у БНТУ не перавышаў 12 млн 800 тыс.
БДУІР пакуль не вывесіў новыя лічбы, але папярэджвае на сваім сайце, што яны з'явяцца пасля ўзгаднення з Міністэрствам адукацыі.
Пасля эканамічнага крызісу і дэвальвацыі 2011 году кошты на адукацыю ў Беларусі ў рублях раслі шалёнымі тэмпамі. Наша краіна тады паводле росту адукацыйных коштаў заняла першае месца ў Еўропе.
Пасля чарговага падвышэння коштаў у беларускіх ВНУ платнікі амаль паўсюль будуць плаціць у даляравым эквіваленце значна болей, чым да 2011 году. У БДУІР ужо цяпер плацяць на 270$ больш за 2010 год.
Сярод 430 тысяч беларускіх студэнтаў большасць складаюць платнікі, якія навучаюцца ў дзяржаўных ВНУ.