7 год праграме імя Кастуся Каліноўскага

У суботу 30 сакавіка стыпендыяльнай праграме імя Кастуся Каліноўскага спаўняецца 7 гадоў. Generation.by вылучыў 13 фактаў і цікавостак пра самую вялікую ў гісторыі праграму падтрымкі беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных і не вельмі, у польскіх універсітэтах.

Праект праграмы быў напісаны за 1 ноч, калі стала зразумела, што па выніках прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. нямала беларускіх студэнтаў будуць адлічаныя з універсітэтаў па палітычных прычынах.

Каб стаць удзельнікам праграмы, дастаткова прадаставіць 6 дакументаў, у тым ліку анкету і заяву.

Пачынаць навучанне на праграме можна толькі з 18 гадоў. Непоўнагадовых студэнтаў у чаканні 18-годдзя звычайна адпраўляюць на курсы польскай мовы.

У першы год дзейнасці праграмы яе стыпендыятамі сталі 244 беларуса, якія раз’ехаліся ў 15 польскіх гарадоў. Гэта была рэкордная колькасць вучняў, калі-небудзь прынятых на праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Агулам з 2006 па 2012 на праграму былі прынятыя каля 685 чалавек.

На праграме можна атрымліваць стыпендыю не болей за 5 гадоў.

Скончылі поўны цыкл навучання праграмы (бакалаўрыят і магістратура) каля 100 чалавек, а двое выпускнікоў нават паспелі атрымаць доктарскую ступень.

Штомесячная стыпендыя ўдзельнікаў праграмы роўная 1 240 злотых.

Цяпер на праграме навучаецца 250 чалавек, што складае 12-ю частку ад усіх беларускіх студэнтаў у Польшчы.

У гэтым годзе ў Польшчу паедуць вучыцца яшчэ 50 беларусаў — «актывістаў, якіх не прымаюць на навучанне ці выгналі з працы за перакананні, і дзяцей рэпрэсаваных».

Самай папулярнай праграмай навучання ў першы год дзейнасці праграмы стала інфарматыка, якая пакінула права (2-я па папулярнасці) і паліталогію (4-я) на другасных пазіцыях.

Штогод урад Польшчы выдаткоўвае на праграму імя Каліноўскага каля 1.25 млн. еўра. Гэта роўна чвэрць ад гадавога бюджэту яшчэ аднаго беларускага адукацыйнага праекту, што фінансуецца Захадам — ЕГУ. У ім вучыцца ў 7 разоў болей студэнтаў, чым на праграме Каліноўскага.

У 2011 годзе адзін з натхняльнікаў праграмы Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што «пасля праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў назад у Беларусь вяртаюцца болей за 90% маладых людзей».

Мастак: Animatarka


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0447 seconds.