Пяць выставаў, якія варта наведаць у сакавіку

Generation.by наведаў пяць выставаў у Менску, якія варта пабачыць у першы месяц гэтай вясны. Сур’ёзная порцыя натхнення разам з адчуваннем узнёсласці, структураванасці, унутранай гармоніі, настальгіі па Рызе, хатніх тапках і кветках гарантаваныя. 

1. Мастакі выставілі сябе самі

Мастакі і іхнія кампаньёны наракаюць: не цікавяцца беларускія бізнэсоўцы і іншыя людзі з магчымасцямі беларускага мастацтва. Вось і збіраюцца ў кватэрах і студыях мастакоў калекцыі, унікальныя і не вельмі, але найперш аўтарскія. Час ідзе, а аўтар па-ранейшаму застаецца галоўным знаўцам сучаснага беларускага мастацтва. Гэткі феномен калекцыянавання ў асобна ўзятай маленькай краіне. У тым, да чаго гэта ўсё ідзе, спрабуюць разабрацца мастакі і зацікаўленыя праз праект «У межах уласнага „Я“: мастак-калекцыянер у Беларусі».

На выставе — працы толькі з прыватных калекцый беларускіх мастакоў, у тым ліку Артура Клінава, Андрэя Плясанава, Руслана Вашкевіча і іншых.

Выстава працягнецца да канца месяца па адрасе: пр. Незалежнасці, 37, А

Калі: з 5 па 31 сакавіка 2013;

Дзе: Галерэя «Ў» (Незалежнасці, 37а). Час працы: з 11.00 —22.00 панядзелак — пятніца і з 12.00 — 22.00 субота, нядзеля. 

Уваход вольны.

2. Фота «Структура прасторы»

У галерэі «Універсітэт культуры» ёсць рэч, якая як нішто іншае будзе пасаваць прыхільнікам структуралізму: фотавыстава Аляксандры Салдатавай з простым назовам «Структура прасторы».

У фота Аляксандры Салдатавай не свет, а канструкцыі і сімвалы. А замест людзей — збольшага намёкі на іх прысутнасць. Згубіцца сярод натоўпу наведвальнікаў цяжка, затое можна ў самоце паразважаць, што з намі ўсімі будзе.

Калі: з 7 па 23 сакавіка 2013 года.

Дзе: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Час працы: 11.00 — 19.00. Выходныя: нядзеля, панядзелак.

Уваход вольны.

3. Легенды Мірскага замку схавалі ў кветкі

Першае ўражанне можа быць падманлівым: калі ў назове выставы вы бачыце слова «букет», гэта яшчэ не значыць, што вас чакаюць выключна кветкі. Вядома, без птушак, кветак і іншага жывёльна-рассліннага свету не абыдзецца. Але будзе і свая фішка. У 35 жывапісных працах Ларысы Зарубінай, выстаўленых у музеі гісторыі Мінска, можна знайсці нямала выяваў любых сэрцу любога беларуса помнічкаў: ад старога гораду ў Менску да Нясвіжу з Мірам. Хаця галоўнай тэмай выставы «Букет для Марыі» (прысвечанай маці мастачкі) ўсё ж застаюцца самыя важныя рэчы напярэдадні 8 сакавіка.

Калі: з 6 па 31 красавіка 2013 года.
Дзе: Музей гісторыя горада Мінска (Рэвалюцыйная, 10). Час працы: серада-нядзеля з 11.00 — 19.00. Выходныя: панядзелак, аўторак
Уваход 25 000 рублёў.

4. Галоўнаму мастаку Менска не спалася

Што робіць сапраўдны архітэктар, калі на двары — белыя ночы, а самому не спіцца? Правільна! Ён бярэ ў руку пэндзлік і малюе, што бачыць навокал. У выпадку былога галоўнага мастака Менска (была і такая пасада!) Івана Мядзведзява, якому сёлета магло б споўніцца роўна 100 гадоў, атрымалася арыгінальная падборка пасляваенных выглядаў такіх мілых гарадкоў, як Вільня, Рыга ці Піцер. Выстава, у якой адно карціны з прыватнай калекцыі дачкі мастака Ірыны Кавалёвай, атрымала адпаведны назоў «Паэзія белых начэй».

Калі: з 6 да 30 сакавіка 2013 г.
Дзе: галерэя «Ласандр-арт» (вул. Раманаўская слабада, 24). Час працы выставы: пн. — сб.: з 10:00 да 19:00, нядз. — выходны.
Уваход вольны.

5. У свеце тапак

Не, гэта не начны жудзік у выглядзе шматлікіх на ўсе густы колераў, узораў і настрояў гіганцкіх тапак, што пераследуюць вас у трох вымярэннях. Тое звычайная фантазія 14 дызайнераў, якім прапанавалі пафантазіраваць на тэму таго, як склалася б жыццё нашых звыклых хатніх прыладаў для хады па паркеце, калі б яны мелі памер 11-месячнага бегемоціка. Як сцвярджаюць галерысты, «у кожнага атрымаўся свой унікальны твор, навеяны вопытам і дзіцячымі ўспамінамі». Здаровая доля гумару забяспечаная. Прыемнага прагляду!

Калі: з 7 па 23 сакавіка 2013 г.
Дзе: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Час працы: 11.00 — 19.00. Выходныя: нядзеля, панядзелак.
Уваход вольны.


Юля Сакалоўская 11:00, 12.03.2013 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0491 seconds.