Беларускія ўніверсітэты пачалі засваенне гранту ў €280 тыс. еўра ад ЕС

БДУ, БНТУ і БДАТУ абвясцілі аб тым, што атрымалі некалькі грантаў Еўрасаюзу. Агульная сума падтрымкі склала 280 тысячаў еўра. Больш за палову з гэтых грошай атрымаў Фізічны факультэт БДУ, якія пойдуць на закупку абсталявання для навучальных лабараторый.


На Фізічным факультэце БДУ за грошы ЕС еўрапейскія ж выкладчыкі распавядуць беларусам аб сонечнай і ветраэнергетыцы. Фота bsu.by

Як паведамляе прэс-служба БДУ, рашэнні аб вылучэнні грошай было прынятае на паседжанні ўдзельнікаў праекту «Распрацоўка трэнінг-сеткі па паляпшэнні адукацыі ў галіне энергаэфектыўнасці», дзе беларускія ўніверсітэты прадстаўленыя разам з універсітэтамі Косава, Азербайджану, Латвіі, Літвы, Румыніі, Польшчы, Бельгіі і Эстоніі.

Грошы размяркоўваюцца ў межах праграмы супрацоўніцтва TEMPUS Еўрасаюзу. Праз яе ЕС спрыяе мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах-партнёрах, у тым ліку і Беларусі.

Сёлета беларускія ўніверсітэты могуць разлічваць на рэкордныя сумы, што размяркоўваюцца ЕС на падтрымку адукацыі. Агульная сума дапамогі па 8 праектах, што былі ўвосень мінулага году зацверджаныя ў Бруселі, можа скласці да 800 тыс. еўра.

Грошы ЕС будуць патрачаныя ў асноўным на камандзіроўкі супрацоўнікаў ВНУ і закупку новага абсталявання. У прыватнасці, грант Фізічнаму факультэту БДУ пойдзе на закупку абсталявання для лабараторыі, дзе будзе вывучацца ў тым ліку сонечная і ветравая энергетыка. Адпаведныя курсы лекцый будуць рыхтавацца ў БДУ еўрапейскімі выкладчыкамі.

Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту і Беларускаму дзяржаўнаму аграрнаму тэхнічнаму ўніверсітэту выдзелена ў межах гэтай самай праграмы больш чым па 70 тыс. еўра.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.