Бясплатна навучыцца авечкагадоўлі ў Туркменістане
Добрыя навіны прыходзяць з туркменскіх стэпаў. Усё большай колькасці беларускіх гадаванцаў становіцца даступнай унікальная адукацыя гэтай краіны.
Туркменскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Магтымгулы чакае беларускіх студэнтаў
Мінадукацыі абвясціла конкурс сярод беларускіх абітурыентаў, якія жадаюць паступіць у 2013/2014 навучальным годзе ў ВНУ Казахстана, Кыргызстана і Туркменістана. У першыя дзве краіны паехаць вучыцца здолеюць толькі некалькі чалавек.
Затое Туркменістан згодны прыняць на бясплатнае навучанне чатыры дзясяткі беларускіх студэнтаў. Канешне, гэта ў разоў дваццаць меней за лічбу туркменскіх навучэнцаў у Беларусі, але без падпалу дровы не гараць.
Міністэрства адукацыі на сваім сайце раіць беларускім студэнтам павучыцца ў Туркменістане найперш авечкагадоўлі, ачыстцы і перапрацоўцы нафты, а таксама вытворчасці баваўняных тканін. Менавіта гэтыя галіны адносяцца да найбольш развітых у гаспадарцы Туркменістана. Паступаць ва ўніверсітэты Туркменістану можна не толькі дзеля навучання ў магістратуры, але і дзеля атрымання першага дыплому аб вышэйшай адукацыі.
Акрамя гэтага беларускія студэнты ў час навучання ў Туркменістане атрымаюць унікальную магчымасць прайсці курс па вывучэнню Рухнамы (тым больш тое будзе мець практычную карысць — веданне твору неабходнае для здачы на права кіраваць аўтамабілем). Туркменістан вядомы шэрагам універсітэтаў, таму ў беларусаў ёсць вялікі выбар месцаў навучання. Да прыкладу, падаць дакумент можна ў Туркменскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт імя С. А. Ніязава альбо Ваенную акадэмію Туркменістана імя Сапармурада Туркменбашы.
Час падачы дакументаў на навучанне неабмежаваны.