Тур на канцэрт «Ляпіса Трубяцога» ў Санкт-Пецярбургу
9 лютага ў клубе «Касманаўт» мае адбыцца канцэрта гурта «Ляпіс Трубяцкой» з праграмай «Рабкор да канца!». Для ўсіх жадаючых у кошт паездкі ўключана аглядная экскурсія «Беларускі Пецярбург», падчас якой можна пачуць і пра беларускую гісторыю Санкт-Пецярбурга, даведацца, што і дзе рабілі ў былой сталіцы Расійскай імперыі Адам Міцкевіч, Ян Баршчэўскі, Янка Купала ды многія іншыя знакамітыя беларусы.
Падчас экскурсіі плануецца наведаць традыцыйныя турустычныя славутасці, а таксама месцы, якія звязаны з Беларуссю. Петрапаўлаўская крэпасць – а ці ня тут сядзелі ўраджэнцы Берасцейшчыны Тадэвуш Касцюшка і ягоны сакратар Юліян Урсын Нямцэвіч, ды шмат хто з удзельнікаў паўстанняў 1794, 1830-31, 1863 гадоў.
У музеі «Арсенал» што ля Петрапаўлаўскай крэпасці можна і зараз пабачыць старыя гарматы XVI -ХVIII стагоддзяў з «Пагоняй» ды даспехі са збраёўні Нясвіжскага замка. Ісакіеўскі сабор – гэта той, які разам з Агюстам Манферанам будаваў беларус Клімент Ляшэвіч і упрыгожваў беларускі мастак Нікадзім Сілівановіч… Беларусам, што бываюць у Пецярбургу нельга абмінуць увагай дом на Кананерскім завулку, дзе наш зямляк Ян Баршчэўскі паклаў пачатак новай беларускай літаратуры, стварыўшы славутага «Шляхціца Завальню». На 4-й лініі Васілеўскага Вострава знаходзіцца знакавае для беларускай гісторыі месца – дом, дзе жыў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які сваю кватэру напачатку ХХ стагоддзя пераўтварыў у цэнтр грамадскага і культурнага жыцця ўсебеларускага значэння. У кватэры Эпімаха-Шыпілы дзейнічала таварыства «Загляне сонца ў наша ваконца», гасцявалі Янка Купала, Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Браніслаў Тарашкевіч. Магчыма менавіта на гэтай кватэры адбылося першае пасяджэнне Беларускай Рэвалюцыйнай (пазней Сацыялістычнай) грамады – першай беларускай партыі, сябры якой у выніку стварылі Беларускую Народную Рэспубліку і абвясцілі яе незалежнасць.Шмат дамоў у Пецярбургу памятаюць нашага славутага паэта Адама Міцкевіча, удзельнікаў таварыства філаматаў.
Праграма тура
- Дзень 1 (08.02)
20.00 адпраўленне з Менску
- Дзень 2 (09.02)
у першай палове дня прыезд у Піцер, засяленне ў хостэл,
19.00 канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой»
начлег
- Дзень 3 (10.02)
11.00 экскурсія «Беларускі Пецярбург», вольны час
18.00 ад'езд у Менск
- День 4 (11.02)
ранішні прыезд у Менск
Кошт тура 110 далараў (праезд + экскурсія + квіток на канцэрт). Дадаткова аплочваецца: пражыванне - ад 400 рас.руб. з чалавека ў хостэле (4-12 мясцовыя нумары), або міні-гатэль (1-2 мясцовыя нумары) побач з клубам. Аплата за пражыванне ў расійскіх рублях, або далярах па курсе канверсіі на дзень аплаты.
Тур ладзіцца агенцыяй «ДЭЛЬФІН ГРУП». Даведкі: +375447178614 (Юля).