Рэктар БДУ не хаваецца ад сьледзтва
Дырэктар гэтага прадпрыемства Георгій Корзун і ягоны намесьнік Вячаслаў Саньнікаў учора былі затрыманыя. <IMG style="WIDTH: 151px; HEIGHT: 113px" alt="рэктар Казулін" hspace=0 src="http://studenty.org/photo/Kazulin.jpg" align=right border=0>Іх падазраюць у крадзяжы амаль 35 кіляграмаў золата на суму больш як 300 тысячаў даляраў. Гэтае золата нібыта было скрадзенае цягам 2001 году пры рэалізацыі кантракту зь нямецкімі партнэрамі. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Як паведаміў прадстаўнік пракуратуры Салавудзі Магамадаў, у сувязі з паказаньнямі затрыманых і аб’ектыўнымі зьвесткамі сьледзтва ў пракуратуры ўзьнікла неабходнасьць дапытаць і рэктара БДУ.“Аднак ён на допыт не зьявіўся, і цяпер вызначаецца ягонае месцазнаходжаньне”– некалькі разоў паведаміла БТ са спасылкай на Пракуратуру Беларусі.
Гэтыя паведамленьні Аляксандар Казулін мог паслухаць у сваім службовым кабінэце, дзе ён сёньня ўвечары зьявіўся, нягледзячы на тое, што застаецца ў адпачынку з 3 па 14 лістапада. Спадар Казулін патлумачыў радыё Свабода, што быў за межамі Менску, калі пачаліся гэтыя арышты і выклікі ў пракуратуру.
(Казулін: ) “Калі мне прынесьлі пазоў, то зразумела, што мяне не было дома, але як я зьявіўся сёньня каля шостай вечара, то дазваніўся да пракуратуры, дамовіўся пра сустрэчу зь імі. Няма ніякіх праблемаў.”
Спадар Казулін заявіў, што гатовы падаць у суд за зьнявагу ягонай рэпутацыі, якую дапусьцілі супрацоўнік пракуратуры і супрацоўнікі БТ, паведаміўшы, што ён нібыта хаваецца ад сьледзтва.
Рэктар БДУ ўпэўнены, што пачалася кампанія дыскрэдытацыі супраць яго і затрыманых супрацоўнікаў, якая вядзецца з парушэньнем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці. Што да прадпрыемства “Унідрагмет БДУ”, то спадар Казулін там ня бачыць ніякіх парушэньняў.
(Казулін: ) “Пытаньне толькі ў тым, што ёсьць неадпаведнасьць указа прэзыдэнта Мытнаму кодэксу. Іншых праблемаў няма, бо мы працуем заўсёды сумленна, дакладна, пад кантролем КДБ, Камітэту Дзяржкантролю”.
Спадар Казулін паведаміў, што ўнітарных прадпрыемстваў у БДУ шмат, усяго 48 юрыдычных асобаў, за іхную дзейнасьць ён не нясе непасрэднай адказнасьці.
(Казулін: ) “Не пасьпяваюць правесьці арышты, тут жа даюць інфармацыю. Але гэта нармальна, мы да гэтага прывыклі, бо ў нас такая дзяржава”.
Гэта быў рэктар БДУ Аляксандр Казулін.
Радыё "Свабода" Валер Каліноўскі, Любоў Лунёва, Менск