«Ад заходу да сьвітанку» ў Dozari

Пра клюб Dozari я чуў, што ён занадта глямурны і вельмі дарагі. У маёй галаве ну ніяк не сумяшчаліся інфэрнальныя лабухі з бару «Кручаныя сіські» («Titty Twister») кінастужкі Радрыгеза-Таранціна «Ад заходу да сьвітанку» і абяцаны мне лоск. Але я нармальна так лахануўся, амігос! Тут, у Менску, 8 кастрычніка быў увесь патрэбны для вампірскага гармідару фарш: дзікі цыгарэтны чад і алькаголь (праўда, веееельмі дарагі), знаёмыя ўпыры і нават дзяўчаты аля Сальма Хайек. А галоўнае – тут былі жывыя Tito & Tarantula!

Клюб месьціцца на тэрыторыі былога заводу імя Леніна. Яшчэ на адным Мінскім радыёзаводзе імя Леніна (сучасны “Гарызонт”) у 1959-1961 гадах працаваў Лі Харві Освальд – паводле афіцыйнай версіі забойца амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі. У студзені 1961-га Освальд пісаў у сваім дзёньніку, што ў Мінску «няма начных клюбаў, няма месцаў адпачынку» і што зь яго хопіць. З тых часоў шмат чаго зьмянілася. Можа, гісторыя пайшла б інакш, калі б Освальд меў магчымасьць тады патрапіць, напрыклад, на канцэрт Tito & Tarantula на былой тэрыторыі заводу імя Леніна. Мы патрапілі.

У лепшых традыцыях канцэрт спазьніўся амаль на гадзіну. Амігос за гэты час напалілі так, што ў рэшце рэшт клубы дыму склаліся ў вялізныя сівыя вусны і паўшэптам, як замову, паведамілі: «Хутка ўсё будзе, яны ўжо прыехалі». Лічу дзеяслоў «прыехалі» тут абсалютна недарэчным. Правільна казаць – яны проста зьявіліся зь неадкуль, пэўна, таксама з дыму. Нікога не было і раптам бац – са сцэны гучыць Tito & Tarantula! Шыкоўны проста выгляд у гэтых «тарантулаў: дзьве кабеты адпаведна на басу і бубнах (прывет жанчынаненавісьнікам!), сівы імпазантны рытм-гітарыст і хлопчык-батанік, які то граў на гітары, то проста стаяў ды ўсьміхаўся, а выніку апынуўся бубначом! Ну і, канешне, сам шыкоўны Tito (ня блытаць з прэзыдэнтам Югаславіі, апанэнтам Сталіна)!

Пачалі Tito & Tarantula роўненька і без сюрпрызаў, проста прафэсійны такі пачатак, раскачка. Песень 4-5 наш народ рухаўся, але не скажу, што неяк ужо моцна, хутчэй, зачаравана, перамінаючыся з нагі на нагу. З боку выглядала, быццам тыя самыя лацінас-вампіры паволі, але імкліва ўваходзяць у транс, пакуль іх не застукаў сьвітанак. Дакладна нейкая магія ёсьць у гэтага гурта, ён практычна адразу стварае атмасфэру таго, што ад яго чакаюць і за што любяць. Паміж ЦУМам і радыётэхам вось так спакойна і натуральна вырас мексіканскі бар «Titty Twister» з вампірамі і тэкілай. І гэта пры тым, што тут вам ні разу ня Мэксыка ці Эль Пасо! Увогуле, увесь канцэрт мяне не пакідала пачуцьцё, што знаходзісься непасрэдна ўнутры гэтых папулярных фільмаў Радрыгеса ды Таранціна, пасярод іх персанажаў і сам ты персанаж! Усе мы там перамяшаліся! Бландзінка-басістка адбівалася ў вялікім люстэрку на калёне пасярод танцпляцу, ад гэтага ў промнях пражэктараў здавалася, быццам яна грае адначасова ў двух месцах: на сцэне і пасярод публікі. Безумоўна гэта было праўдай! У натоўпе трапляліся Ігар Варашкевіч і Дзядзя Ваня, а таксама беларускі фатограф Tarantino, які прыйшоў паздымаць “групу з фільмаў Таранціна”! Па маршруце «барная стойка – натоўп» з кактэйлем у руцэ незаўважна для большасьці рухаўся вядомы расейскі актор Яўген Цыганоў, зь ім здымаліся нашы журналісткі. Чым вам не таранцінаўская дурка?)

І тут у другі раз за вечар з цыгарэтнага чаду склаліся вялізныя вусны ды пракрычэлі ва ўвесь голас: «Зараз пойдуць любімыя!» І неверагодна душэўны дзядзька Ціта Ларыва, парваўшы чарговую струну на чарговай гітары, разам выдаваў усе свае гіты як напоўненая тэкілай вадародная бомба! Уффф!

Апошняй была «After Dark» з аграмадным натоўпам публікі непасрэдна ўжо на сцэне, яе туды выцягваў сам Tito. Кажуць, што туды нават падцягнулася басістка зь люстэрка, што вісіць на калёне пасярод танцпляцу. Безумоўна, гэта было праўдай! Усё там было праўдай, нават «Кручаныя сіські»(«Titty Twister») каля сталічнага ЦУМу.

P.S. Шмат знаёмых было на канцэрце Tito & Tarantula, але практычна ніхо нікога не знайшоў, не скамунікаваў. Усе былі, але не знайшліся. Напэўна, нехта растварыўся ў сьвятле ліхтароў.

Больш здымкаў у фотарэпартажы Стаса Шляхціча: Tito & Tarantula ў Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2782 seconds.