Беларускія ўніверсітэты атрымаюць €800 тысячаў ад ЕС

8 з 17 беларускіх заявак на ўдзел у сумесных адукацыйных праграмах Еўрапейскага саюзу і краін Усходняга партнёрства зацверджаныя ў Бруселі. На іх ажыццяўленне беларускія ўніверсітэты і каледжы атрымаюць рэкордныя €800 тысячаў.

Усе грошы вылучаюцца ў межах праграмы супрацоўніцтва TEMPUS, якая ёсць часткаю еўрапейскіх палітычных праграм добрасуседства, пашырэння і развіцця. Праз яе ЕС спрыяе мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах-партнёрах, у тым ліку і Беларусі.

«У мінулым годзе праграме споўнілася 20 гадоў, — заявіў у інтэрв’ю „Комсомольской правде в Белоруссии“ каардынатар праграмы TEMPUS у Беларусі Мікалай Лістапад. — За гэты час Беларусь прадставіла 51 праект, і атрыманыя вынікі паўплывалі на развіццё вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтым годзе мы прадстаўляем 17 праектаў, еўракамісія ўжо падтрымала 8 нашых заявак — і гэта пакуль лепшы вынік за ўсе гады рэалізацыі праграмы».

Кожны з падтрыманых праектаў атрымае прыкладна 100 тысячаў еўра. Болей за ўсё атрымае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які далучыўся да чатырох праектаў: «Міжуніверсітэцкі цэнтр падтрымкі студэнцкіх інавацыйных распрацовак», «Інтэграваная сістэма ўніверсітэцкага менеджменту: вопыт Еўрапейскага саюза на базе краін СНД», «Распрацоўка трэнінг-сеткі па паляпшэнні адукацыі ў галіне энергаэфектыўнасці» і «Бяспека чалавека на тэрыторыях, пацярпелых ад радыеактыўнага забруджвання».

Акрамя гэтага беларусы разам з партнёрамі, знакамітымі еўрапейскімі універсітэтамі, будуць удасканальваць адукацыю ў галіне экалагічнага менеджменту, мадэрнізаваць курсы прафесійнай падрыхтоўкі і ўдасканальваць сеткі перападрыхтоўкі ў галіне турызму на базе дыстанцыйнага навучання.

Грошы ў межах праектаў могуць быць патрачаныя найперш на камандзіроўкі беларускіх выкладчыкаў, закупкі неабходнага абсталявання.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.