Увесь Менск у мабільным тэлефоне
Вы не ведаеце, куды пайсці вечарам з любым чалавекам альбо проста не вельмі добра арыентуецеся ў шумным і хуткім жыцці Менска? Група маладых праграмістаў стварыла для вырашэння гэтай праблемы бясплатны кішэнны каталог грамадскіх месцаў Мінска TingBY, даступны для мабільных тэлефонаў на базе Андроід.
Праграма TingBY для тэлефонаў на базе апэрацыйнай сыстэмы Андроід дапамагае шукаць па бліжэйшых ад вашага размяшчэння грамадскіх месцаў Менска, такіх як рэстарацыі, сэканды ці проста грамадскія прыбіральні.
«Мы хочам бачыць наш Менск прыгожым еўрапейскім горадам з якаснай інфраструктурай і магчымасцю весела і цікава бавіць час, — распавядае аўтар ідэі і кіраўнік праекту Аляксандр Крук. — Дзякуючы нашай праграме можна знайсці бліжэйшыя да вас рэстараны, кафэ, клубы, крамы вопраткі і абутку (у тым ліку і сэканд-хэнды), кінатэатры, туалеты, кропкі wi-fi доступу і іншыя грамадскія месцы. І гэта толькі пачатак. TingBY значна паскарае працэс пошуку патрэбных грамадска-значных месцаў у горадзе, адначасова даючы людзям актуальную інфармацыю аб размяшчэнні, гадзінах працы, спісе паслугаў, мапе праезду да патрэбнага месца і існых там адмысловых прапановах».
Праграма пастаянна развіваецца і дапаўняецца. Зараз на сайце ting.by і сэрвісе Google Play падрыхтаваная і прэзентаваная для бясплатнай запампоўкі і выкарыстання трэцяя версія TingBY.
Цяпер праграма даступная толькі па-расейску, але стваральнікі праекту мараць перавесці яе на беларускую і ангельскую мовы. Паколькі праект некамерцыйны, то для яго развіцця хлопцы шукаюць інвестараў, гатовых дапамагчы ў прасоўванні галоўнай ідэі — паказаць менчукам і турыстам існую разнастайнасць і прывабнасць сталіцы Беларусі.
Пакуль сэрвіс мае даволі высокія ацэнкі карыстальнікаў Google Play і болей за 1 000 запамповак.