У кнігарні «логвінаЎ» уганаравалі найлепшых перакладчыкаў 2011 года

Вечарам 27 чэрвеня ў мінскай кнігарні «логвінаЎ» адбылася цырымонія абвяшчэння і ўзнагароджання пераможцаў і фіналістаў прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» за найлепшы пераклад у 2011 годзе. Імі сталі Алеся Башарымава (Проза), Марыя Мартысевіч (Паэзія) і Антон Францішак Брыль (ПрайдзіСвет).

У якасці ўзнагароды пераможцы прэміі атрымалі статуэткі аўтарства Людмілы Скітовіч. І лаўрэаты, і фіналісты былі ўганараваныя памятнымі дыпломамі.

Вядоўца Андрэй Хадановіч адзначыў напачатку імпрэзы: «Нахабства прайдзісветаў нашых бязмежнае. Проста перакладаць ім мала. Ім, ці нам, трэба ўсімі спосабамі заявіць, абвесціць пра сваё існаванне, у тым ліку, пра актуальныя мастацкія вынікі году ў кнігах, часопісе і ў інтэрнэце». Адной з мэтаў часопіса "ПрайдзіСвет" і ёсць прыцягнуць увагу чытацкай грамадскасці не толькі да ўласна беларускай літаратурнай творчасці, а і да таго вартага і цікавага, што было зроблена айчыннымі перакладчыкамі.

Прэмія ў трох намінацыях: «Проза», «Паэзія» і «ПрайдзіСвет» (публікацыі ў самім часопісе) ўручаецца ўжо трэці год запар.

Цалкам спіс прэтэндэнтаў на прэмію выглядаў наступным чынам:

Проза

  1. Альгерд Бахарэвіч: Шміт, Катрын. Ты не памрэш: раман / пер. Альгерда Бахарэвіча. — Мінск: «Макбел», 2011.
  2. Алеся Башарымава: Янсан, Тувэ. Капялюш чарадзея / пер. Алесі Башарымавай. — Мінск: Зміцер Колас, 2011.
  3. Марына Шода: Мілаш, Чэслаў. Родная Еўропа / пер. Марыны Шоды. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011.
  4. Сяргей Шупа: «Сараеўскае Мальбара» Міленкі Ергавіча, ARCHE-Пачатак: Уяўляючы Балканы. 2011, №4.

Паэзія

  1. Марыя Мартысевіч: пераклады з кнігі «Амбасада» (Амбасада: вершы свае і чужыя. — Мінск, «Кнігазбор», 2011), «Нябожчыкі дамовіліся маўчаць» Веньяміна Блажэннага («ПрайдзіСвет» №8).
  2. Вальжына Морт: «На танцах у Адэсе» Іллі Камінскі («Дзеяслоў» №53).
  3. Дзмітры Плакс: Фростэнсан, Катарына. Чыстая краіна: вершы / пер. Дзмітрыя Плакса. — Мінск: «Медысонт», 2011 (серыя "Бібліятэчка Дзеяслова").

ПрайдзіСвет:

  1. Сяргей Балахонаў: «Вар'яцкі год» Мікіты Славінскага («ПрайдзіСвет» №8).
  2. Антон Францішак Брыль: паэзія з польскай і лаціны (Францішак Дыянізі Князьнін, Юльян Урсын Нямцэвіч, Антоні Эдвард Адынец, Гай Валерый Катул).
  3. Кірыл Карлюк: Лісты Купідона: Багуслаў да Ганны Марыі Радзівіл.
  4. Ігар Скрыпка: «Мараход» Ежы Шаняўскага (п'еса).
  5. Андрэй Стэфановіч: паэзія з ангельскай і французскай (Рэд'ярд Кіплінг, Сулейман Дыяманка, Эрнэст Сава).
  6. Анка Упала: «Рэч Мялешкі, кашталяна Смаленскага, на засяданіі правіцельства ў Варшаве ў 1589 гаду».

Адборам найлепшых перакладных твораў займалася прафесійнае журы, у якое ўвайшлі: перакладчык і выкладчык Марына Казлоўская, перакладчык і сябра рады часопіса «ПрайдзіСвет» Кацярына Маціеўская, пісьменнік, рэдактар часопіса «Дзеяслоў», старшыня СБП Барыс Пятровіч, перакладчык і выкладчык Сяргей Сматрычэнка, кандыдат філалагічных навук і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, паэт, перакладчык і старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч, перакладчык і сябра рады часопіса «ПрайдзіСвет» Ганна Янкута.

Паводле прэс-рэлізу

11:47, 29/06/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.