Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адраджаецца ў Вільні
Афіцыйнае адкрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ), зачыненага летась беларускімі уладамі, прызначанае на 9 чэрвеня ў Літве, зараз для навучальнай установы шукаюць памяшканьне. Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс пасьля нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу, што адбылася напрыканцы мінулага тыдню.
У паведамленьні Міністэрства замежных справаў Літвы адзначаецца, што Антанас Валёніс заявіў пра “тэндэнцыі ў Беларусі, якія выклікаюць занепакоенасьць”.
Паводле міністра, у Эўразьвязе ў дачыненьні да Беларусі дамінуе палітыка, арыентаваная на канкрэтныя вынікі. Антанас Валёніс падкрэсьліў важную ролю Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў памкненьнях Літвы “як мага шырэй перадаваць агульныя эўрапейскія каштоўнасьці акадэмічнай супольнасьці суседняй краіны”. Упершыню названая дакладная дата афіцыйнага адкрыцьця ЭГУ ў Вільні – 9 чэрвеня. Літоўскі урад шукае адпаведнае памяшканьне.
Прэм'ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас 6 красавіка прыняў рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. "У размове абмеркаваныя магчымасьці працягу дзейнасьці гэтага ўнівэрсытэта ў Літве пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскага саюза", — паведаміў прадстаўнік прэс-службы літоўскага ўраду.