У Беларусі выйшла першая інтэрактыўная кніга

Кніга «Пакуль ляціць страла» Уладзімера Арлова – 100 адказаў на пытаньні чытачоў.

Прэзэнтацыя кнігі адбылася пятага траўня — у дзень памяці Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, пра якую і ўзгадаў пісьменьнік на пачатку імпрэзы.


Спампаваць кнігу ў pdf можна на сайце Радыё Свабода.

Першая ў беларускай літаратуры інтэрактыўная кніга прадстаўляе сабой 100 пытаньняў і адказаў. Усе пытаньні можна ўмоўна разьдзяліць на тры часткі: пытаньні пра жыцьцё самога аўтара, пытаньні пра гістарычныя падзеі і асобы, пытаньні пра чаканьні і разважаньні аўтара.

«Гэта кніжка дарагая мне тым, што ў ёй больш за 100 суаўтараў. Бязь іх вядома ж кніга бы не выйшла», — кажа Ўладзімер.

Адказы пісьменьніка ў выглядзе міні-эсэ, а часам і ў выглядзе вершаў, дапамагаюць разабрацца ў гістарычным мінулым, спасьцігнуць сучаснасьць і разам паразважаць над будучыняй.

На прэзэнтацыі прысутнічала шмат выбітных беларускіх літаратараў: Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Уладзімер Някляеў, мерапрыемства наогул адлюстроўвала беларускую літаратурную тусоўку: цэлая заля гучных імёнаў і ўсе адзін аднаго толькі хваляць.

На прэзэнтацыі таксама прысутнічалі музыкі Зьміцер Вайцюшкевіч і Зьміцер Бартосік. Апошні выканаў некалькі песень і пазычыў чытачам кайфа ад прачытаньня кніжкі. Прэзэнтацыя прайшла ў форме віктарыны, дзе кожны з наведвальнікаў, правільна адказаўшы на пытаньне аўтара, атрымліваў у падарунак кнігу.

Беларускі пісьменьнік і журналіст Севярын Квяткоўскі, узгадваючы сваю школьную сустрэчу ў 1990-м з Арловым у кнізе «Фарашкі да пляшкі», пісаў пра тое, як зьдзівіўся пісьменьнік, пачуўшы беларускую мову.

«Пэўна, цяпер Уладзімер Арлоў больш зьдзіўляецца, калі ў яго просяць аўтограф па­-расейску…» — пісаў Квяткоўскі.

У самога Уладзімера Аляксеевіча расейская мова з вуснаў школьнікаў выклікае хутчэй прыкрасьць, а не зьдзіўленьне.

«Я неяк выступаў у вясковай школе мястэчка Смаляны. На сустрэчы былі старшаклясьнікі, а таксама пятая кляса. Усе пытаньні старшаклясьнікі задавалі на выдатнай беларускай мове, а вось вучні пятай клясы задавалі па-расейску. Таму што гэта прадстаўнікі як бы іншага пакаленьня — пакаленьня, якое страшна закранутае русіфікацыяй, якая найбольш адчуваецца ў сыстэме адукацыі. І гэтае міністэрства адукацыі, калі я сустракаюся зь вясковымі вучнямі, якія не валодаюць беларускай, мне хочацца назваць міністэрствам зацямненьня».

Аўтар часта езьдзіць па школах і навучальных установах, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў чорным сьпісе забароненых літаратараў. Зрэшты, сьпіс гэты ўмоўны, бо кнігі Арлова можна знайсьці і ў дзяржаўных кнігарнях і бібліятэках, а некаторыя творы замацаваныя ў школьнай праграме Міністэрствам адукацыі.

Уладзімер Арлоў (нарадзіўся ў 1953 годзе) — беларускі пісьменьнік, гісторык, эсэіст. Скончыў гістфак БДУ. Аўтар знакавых кніг гістарычнай прозы «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Ордэн Белай Мышы». Ляўрэат прэмій «Гліняны Вялес» і прэміі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра. Рыхтуе да выхаду новыя кнігі «Ад Полацка пачаўся сьвет» і працяг кнігі «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0552 seconds.