Украінскія студэнты-мэдыкі падрыхтавалі ўльтыматум міністру з-за павелічэньня тэрмінаў інтэрнатуры
Студэнты-мэдыкі Львоўскага нацыянальнага мэдыцынскага ўнівэрсытэта імя Д. Галічскага (ЛНМУ) пратэстуюць супраць новага загаду Міністэрства здравааховы Украіны, паводле якога студэнтам-бюджэтнікам прыйдзецца 3 гады адпрацаваць у вёсках, а пералік мэдыцынскіх спэцыяльнасьцяў скараціўся з 54 да 16.
Студэнты падрыхтавалі зварот ад грамадзкай арганізацыі “Бацькоўскі камітэт Львоўскага нацыянальнага мэдыцынскага ўнівэрсытэта” і замацавалі яго 2149 подпісамі студэнтаў. Гэты зварот зьмяшчае ўльтыматум міністру аховы здароўя Украіны Міколе Палішчуку, піша "Високий Замок".
“…артыкулам 43 Канстытуцыі Украіны замацаванае права кожнага грамадзяніна на працу, - кажацца ў звароце бацькоўскага камітэту мэдыцынскага ўнівэрсытэту, - што ўключае магчымасьць зарабляць сабе на жыцьцё працаю, якую ён вольна абірае. Дзяржава стварае ўмовы для поўнага зьдзяйсьненьня грамадзянамі права на працу, гарантуе роўныя магчымасьці ў выбары прафэсіі і роду працоўнай дзейнасьці”.
“Мы даем яму на роздумы 5 дзён, - кажа кіраўнік студэнцкага страйкаму ЛНМУ імя. Даніла Галічскага Аляксандар Хома, студэнт ІV курса мэдыцынскага факультэта. – Калі ў гэты тэрмін Мікола Палішчук не задаволіць нашыя патрабаваньні, пярэйдзем да рашучых дзеяньняў – аб’явім страйк, разаб’ем пад будынкам Міністэрства здравааховы намётавы гарадок…”
Днямі міністар аховы задроўя Мікола Палішчук паабяцаў зьнізіць кошт праходжаньня інтэрнатуры. Такі ўчынак выклікаў у студэнцкага страйкому сьмех. “Аплату інтэрнатуры выстаўляе кожная канкрэтная ВНУ, - тлумачыць Аляксандар Хома. – Такія абяцанкі – замілаваньне вачэй і намаганьні сьцішыць сытуацыю, якая склалася”.
Зварот ад бацькоўскага камітэту ЛНМУ імя. Даніла Галічскага апроч міністра здравааховы атрымаюць таксама Прэм’ер-міністар, Генэральны пракурор і ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правох чалавека.
Безумоўна, пытаньне кампэтэнтнасьці лекара, якому давяраеш сваё здароўе, вельмі важнае і актуальнае. Увядзеньне новага загаду і рэакцыя на яго львоўскіх студэнтаў распачалі шырокую дыскусію на гэты конт сярод студэнтаў і наагул украінскіх грамадзянаў.
Якое стаўленьне студэнтаў да тэрмінаў інтэрнатуры?
(Cтудэнт): “Шмат значыць уменьне аказаць першую дапамогу, вылячыць і пасьпяхова правесьці хірургічную апэрацыю… Каму патрэбен студэнт-выпускнік у сяле, які ня зможа нават правесьці найпрасьцейшую хірургічную апэрцыю?!.. Новая ўлада за здаровую, прафэсійную канкурэнцыю, якая будзе належна аплочвацца.”
(Cтудэнтка): “Ці хацелі б вы на 3-4-5 годзе навучаньня ва ўнівэрсытэце высьветліць, што вам давядзецца вучыцца яшчэ 3 гады, а таму вас дасылаюць у мястэчка, якога няма на мапе Украіны, паднімаць украінскае сяло. Пры тым плаціць годны заробак вам ніхто не зьбіраецца. Ад вас чакаюць выключна самаахвяраваньня і небывалага альтруізму. Па-другое, такое стаўленьне да ўкраінскага сяла з боку самое ўлады нячэснае і мне праціўнае. Заслаць туды напаўграматных зялёных студэнтаў – няхай, маўляў, трэніруюцца на сялянах.
Рэформа навучаньня павінна ісьці паступова – і колькі вучыцца студэнтам – яны павінны ведаць ад самага пачатку навучаньня. І ўмовы патрэбна стварыць для тых, хто працуе ў сёлах, каб людзям было прыемна і выгодна туды ехаць (прыклад: папрацуй 5 год на вёсцы – атрымаеш пасаду на ўласны выбар у такіх-та пяці лякарнях абласных цэнтраў).”
Такія спрэчкі вельмі моцна нагадваюць сытуацыю ў Беларусі з прымусовым разьмеркаваньнем студэнтаў. Але ў нас разьмеркаваньне дзейнічае на ўсіх студэнтаў-бясплатнікаў, а ня толькі на мэдыкаў. Але ж аргуманты, якія агучваюць, студэнты з страйкаму, балюча зразумелыя і вельмі блізкія.
Вельмі хочацца, каб гэтая сытуацыя ў Украіне вырашылася і на карысьць студэнтаў, і на карысьць сёлаў, і на карысьць наагул здароўя нацыі. Бо зараз Україна для Беларусі – праклад. І хочацца, каб гэты прыклад быў беззаганны, па Канстытуцыі і па закону.