«Трохлітровая проза»: Календа заваблівае чытачоў каньяком і сокам

«Алькагольны» мэтад папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры, гэткае сумяшчэньне чытаньня новых літаратурных шэдэўраў пад моцныя алькагольныя напоі абраў малады беларускі празаік Сяргей Календа. Адпавядаючы назову сваёй новай кніжкі, ён вырашыў падпаіць сваіх чытачоў.


Аўтар здымкаў Юля Сакалоўская

Аўтар «Трохлітровіка», а адначасова і заснавальнік электроннага часопіса «Макулатура», замест клясычнай прэзэнтацыі зь бясконцымі расповедамі пра сябе любімага, творчы працэс і натхненьне, усю прэзэнтацыю прысьвяціў чытаньню яскравых урыўкаў, у адным зь якіх пасьпеў патроліць творчасьць Чаргінца.

«Называецца “Трохлітровая”, бо ў кнізе тры часткі, усе яны розныя і ўсе яны не адпавядаюць таму, каб выдавацца асобна. А тры літры, таму што адразу нагадваецца алькагольная тэматыка, і яна там прысутнічае», — тлумачыць аўтар.

І гэта ня дзіўна, бо ў прозе Календы сутракаюцца героі, якія канкрэтна п’юць. Сутракаюцца таксама і «мала пітушчыя», але ў любым разе аўтар часта падкрэсьлівае стаўленьне сваіх герояў да алькаголю.

«Героі маіх кніжак, збольшага, маргіналы: алькаголікі, пэдафілы ці наркаманы. Гэта ня значыць, што я гэта прапагандую. Проста мне гэтая тэма блізкая. Зразумела, што я не пэдафіл і не наркаман, але іх паводзіны мяне вельмі цікавяць. Гэтыя людзі, па мне, больш шчырыя, яны больш здольныя на нейкія жарцікі, вар’яцтва».

Сяргею ўдаецца так добра апісваць учынкі маргіналаў мабыць і таму, што сам калісьці быў у цёплых стасунках з алькаголем і нават наркотыкамі.

«Трохлітровая проза» — першая кніга Календы, якая напісаная цалкам на тарашкевіцы.

«Гэта быў сьвядомы выбар, бо тарашкевіца зьяўляецца, як па мне, больш аўтэнтычнай і сакавітай ды па гучаньню мовы лепей пасуе».

«Трохлітровая проза» складаеца з «трох літраў»:

Архітэктурныя апавяданьні. Там адсутнічае пэўны сюжэт, затое прысутнічае апісаньне герояў, іх думак, пачуцьцяў.

Генэрацыя фанцікаў і фішак. Аднайменнае апавяданьне з кнігі «Іржавы пакой зь белымі шпалерамі» разраслося тут да цэлага раздзелу і ў новым выглядзе ўжо ўяўляе сабой некалькі апавяданьняў ня толькі пра савецкае дзяцінства, як гэта было ў «Іржавых пакоях», а ўжо і пра юнацтва і сталасьць героя. Гэткае Талстоўскае «Дзяцінства. Маленства. Юнацтва».

Скура зямлі. Тут ёсьць і цалкам экспэрымэнтальныя тэксты і апавяданьні-спробы напісаць утопію, як у Оруэла.

Сяргей Календа нарадзіўся ў 1985. Заснавальнік і галоўны рэдактар першага ў Беларусі літаратурнага інтэрнэт-часопісу «Макулатура». Набыў вядомасьць пасьля кнігі апавяданьняў «Помнік атручаным людзям», якая ўвайшла ў сьпіс лепшых беларускіх кніг 2009 году. Займаецца таксама дасьледваньнямі ў сусьветнай культуры і літаратуры. Аўтар кніг кароткай прозы «Іржавы пакой зь белымі шпалерамі» і «Казкі. Гісторыі (не) пра нас». У сваёй творчасьці аўтар зьвяртаецца да філязофскіх пытаньняў і адказаў на іх з падвоеным сэнсам, героямі кніг выступаюць часьцяком дзіўныя маргінальныя пэрсанажы. Цяпер Сяргей Календа рыхтуе да выданьня свой наступны літаратурны праект-раман «Гатэль» пра разбэшчанасьць ды прастытуцыю. Блог пісьменьніка beatnik-kalenda.livejournal.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.