Беларускія студэнты атрымаюць інфармацыю пра Балоньскі працэс
У Менску адбылася прэзэнтацыя сумеснага праекту Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і Нарвэскага зьвязу студэнтаў, прысьвечанага Балоньскаму працэсу. Усе зацікаўленыя маглі атрымаць падрабязную інфармацыю пра гісторыю, сутнасьць і асноўныя мэты гэтага агульнаэўрапейскага адукацыйнага працэсу, а таксама даведацца пра крытэры ацэнкі якасьці вышэйшай адукацыі і адукацыйнага асяродзьдзя.
У нашай краіне дзяржаўныя СМІ звычайна падаюць недакладныя, няпоўныя ці наагул ілжывыя зьвесткі пра гэтую зьяву ў эўрапейскай адукацыйнай прасторы. Таму беларуска-нарвэскі праект скіраваны на распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра Балоньскі працэс сярод беларускага студэнцтва.
Варта нагадаць, што кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі, рыхтуючы чарговую рэформу адукацыі, рабіла заявы пра імкненьне наблізіць беларускую сыстэму адукацыі да асноўных крытэраў Балоньскага працэсу. Аднак на адмысловай нарадзе па рэформе адукацыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “беларуская сыстэма адукацыі будзе арыентаваная на наймагутнейшую ў свой час савецкую сыстэму адукацыі”.