Рэктары ўнівэрсытэтаў «зьелі» літоўскіх студэнтаў

У аўторак у Вільні адбыліся першыя студэнцкія пратэсты за апошнія тры гады. Іх арганізавалі студэнты, незадаволеныя новай адукацыйная рэформай. На думку пратэстоўцаў, кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў адбірае ў студэнтаў права на самакіраваньне.

Яшчэ з траўня 2009 года ў Літве спрабуюць рэфармаваць вышэйшую адукацыю. Як кажа міністар асьветы і навукі Гінтарас Сьцепанавічус, галоўная мэта рэформы — павышэньне канкурэнтаздольнасьці ВНУ якасьці адукацыі ды трансфармацыя сыстэмы фінансаваньня вышэйшых школаў.

У сьнежні 2011 года Канстытуцыйны суд Літвы абвясьціў цяперашні закон аб адукацыі неадпаведным канстытуцыі. Паводле суду, ён не гарантуе празрыстасьці сыстэмы кіраваньня вышэйшых школах, таму закон мусіць быць выпраўлены.

У час распрацоўкі новага закону літоўскія студэнты прапанавалі, каб у склад Рады ўнівэрсытэту (найвышэйшы калегіяльны орган кіраваньня ВНУ, пасьля Сэната ды Рэктарата) з 7 сяброў 2 былі прадстаўнікамі студэнтаў (прычым, каб другі быў неабавязкова студэнтам, але выпускніком напрыклад і г.д.).

Аднак кіраўніцтву літоўскіх унівэрсытэтаў ідэя не спадабалася: рэктары на сваёй канфэрэнцыі прынялі рашэньне пускаць у Раду ўнівэрсытэту толькі па адным студэнты.

У адказ студэнты пачалі вулічныя акцыі пратэсту. Першая адбылася ўчора: пачвары-пакманы, якія сымбалізавалі рэктараў, паядалі студэнтаў, што жадалі ўвайсьці ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту.


Студэнт ЭГУ і віцэ-прэзыдэнт Саюзу студэнтаў Літвы Максім Мілто аказаўся “зьедзеным” рэктарамі

Акцыя была несанкцыяваная, аднак літоўская паліцыя не перашкодзіла каля сотні студэнтаў прайсьці шэсьцем па цэнтры гораду. Акрамя гэтага, студэнты іншага літоўскага гораду, Коўна, па начох прыняліся абклейваць вуліцы пратэстнымі плякатамі.

Бліжэйшым часам літоўскія парлямэнтарыі мусяць прыняць канчатковае рашэньне па спрэчным пытаньні. Калі дэпутаты не прыслухаюцца да меркаваньня студэнтаў, навучэнцы абяцаюць арганізаваць шырокія мітынгі.

UPD

У чацьвер стала вядома, што літоўскія студэнты перамаглі: іх прапановы прынятыя дэпутатамі Сейму. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.