Канадзкі рэжысэр авангарднага кіно прадставіць праграму фільмаў у Менску
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь, Інстытут каардынацыі і прапаганды экспэрымэнтальнага кіно (Манрэаль, Канада), творчае аб'яднаньне kinaklub.org (Менск) пры падтрымцы міжнароднага кінафэстываля Cinema Perpetuum Mobile (Менск) прадстаўляюць праграму «Аб галавакружэньні і руінах. Праламленьні ў авангардным кіно». Вядучы — канадзкі рэжысёр П'ер-Люк Ваянкур.
Інстытут (ICPCE) уваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі па абароне зьнікаючых кінафарматаў і транскантынэнтальнага зьвязу па разьвіцьці і асваеньню нялічбавых шляхоў разьвіцьця кіно.
П'ер-Люк Ваянкур прадставіць праграму пад назвай праграму «Аб галавакружэньні і руінах. Праламленьні ў авангардным кіно» (of vertigo & ruins. Refractions in avant-garde cinema). Праграма складаецца з 8 фільмаў 8 розных рэжысёраў, агульнай працягласьцю 114 хвілін.
Рэжысёр так кажа аб праграме: «Архітэктура целаў і матэрыяльнага выбухае на кавалкі і часткі. Дзякуючы незваротнасьці галавакружэньня і эўфарыі, кропка апоры знаходзіцца ў небе і кіно дэмантуецца і ператвараецца ў попел. Выгінаюцца жалюзі на вокнах, адлюстраваныя ў пабітых люстэрках. Падаўжаюцца дарогі зімой, якія праходзяць па тэрыторыях, адкуль прыбралі маякі. Вандроўнікі зносаўстойлівыя да кіно, пабудаваным на любоўных заклёнах і кароткіх замыканьнях палюсоў магніта».
Паказы праграмы ўжо прайшлі ў шматлікіх сінематэках і кінаклюбах Канады, Польшчы, Швайцарыі, Вялікабрытаніі. Цяпер плянуюцца паказы ў Парыжы, Вільнюсе і ў нас. У Беларусі праграма пройдзе ў Менску, Горадні, Гомелі, Мазыры, Віцебску. Паказ у Менску пачнецца 14 красавіка ў 16.00 у Нацыянальным мастацкім музэі.
Праграма фільмаў
- Цягнікі — Карл Лямье / 2010 / Канада / 5 хвл
- Кепская кроў для вампіра — Лізан Цібада / 1984 / Германія, Канада / 22 хвл
- Адна спроба з тысячы — Жан-Клод Лабрэк / 1970 / Канада / 7 хвл
- Хрома Юг — Эцьен О'Ліры / 1968 / Францыя-Канада / 21 хвл
- Магчыма/Мы — Саламон Нагле / 2003 / Польшча-Канада / 11 хвл
- Генітальная малітва — Серж дэ Котра / 2009 / Канада / 7 хвл
- Цёмная ноч — П'ер-Люк Ваянкур / 2011 / Канада / 29 хвл
- Горад Мары — Аляксандр Лароз / 2006-2010 / Канада / 12 хвл