Рагга-бэнд Vavamuffin упершыню ў Беларусі

25 сакавіка ў беларускай сталіцы ўпершыню дасьць канцэрт адзін з найбольш прагрэсіўных рагга-гуртоў Цэнтральнай Эўропы — Vavamuffin.

Выступ асноўнага польскага хэдлайнэра міжнародных фэстываляў пазытыўнай музыкі пройдзе ў Менску 25 сакавіка ў клюбе Re:public у межах Greenship Festival.

На адной сцэне з Vavamuffin выступяць таксама і беларускія «праваднікі» добрага настрою і пазытыўных вібрацый: ска-рэгі дэсант з Магілёва гурт Bez.Not і канцэптуальны айчынны праект Harotnica. Гэтак жа ўсіх гасьцей фэстывалю Greenship чакае адмысловы запальны сэт ад Папы Бо Selektah.

Vavamuffin — каманда з Польшчы (Варшава), які грае ў стылі рагга з элемэнтамі даб і дэнсхол. Гурт быў створаны ў 2003 годзе і выпусьціў 3 альбомы на лэйбле «Karrot Kommando»: «Vabang!» (2005), «Dubang!» (2006), «Inadibusu» (2007). Асноўны склад гурта: Pablopavo (вакал), Reggaenerator (вакал), Gorg (вакал), Emili Jones (бас), Jahcob Junior (ударныя), Raffi Kazan (гітара), Mothashipp (клявішы), Dubbist (sampler) і Barton (dubmaster ).

25 сакавіка ў клюбе Re:public Vavamuffin упершыню выступіць у Беларусі ў поўным складзе: на сцэне будзе 11 музыкаў!

Bez.Not сабраліся разам у лістападзе 2005 года ў Магілёве, дзе дыслякуюцца і па гэты дзень. За гэты час гурт пасьпеў выступіць на мностве музычных фэстаў,а таксама стаць пераможцам фэстываляў «Второй эшелон 2007» і Mass Medium Fest 2009. У верасьні мінулага года музыкі завяршылі працу над доўгачаканым дэбютным альбомам «Спустя рукава», які з посьпехам прэзэнтавалі як у Менску,так і ў родным Магілёве. Ну а ўдзел ва ўжо Міжнародным менскім рэгі-фэсьце «Да!Бро!» сьмела замацавала за Bez.Not месца ў тройцы айчынных форвардаў пазытыўнай сцэны, нароўні з «Адыс Абеба» і «Botanic Project».
(сайт | відэа)

Harotnica зьявілася ў 2007 годзе ў Менску. Канцэптуальны праект Harotnica — гэта «дэструктыўны пажарны аркестр з жаночым вакалам», элемэнтамі ска, клясыкі, панка, джаза, балканскіх матываў,рэгі і ярка выяўленай маргінальнай творчай пазыцыяй. «Гаротніца», як кажа галоўны аўтар песень, Андрусь Такінданг, гэта «дзяўчына зь цяжкiм лёсам». Сумны тэкст на беларускай мове ў суправаджэньні запальных, яркіх, вясёлых матываў — цудатворнае зельле, піць якое можна не спыняючыся. Кожная песьня — асобная гісторыя, як правіла, мінорная, злучаная з выбухамі духавых ды клацаньнем басу, хвацкімі барабанамі, незвычайным вакалам і нестандартным для беларускіх гуртоў інструмантам — домрай.
(сайт | відэа)

25 сакавіка 2012 года, 19:00. Менск, клюб Re:public (Прытыцкага, 62, ст.м.Кунцаўшчына). Кошт пытаньня: першыя 50 квіткоў — 60.000; астатнія ў папярэднім продажы — 70.000; у дзень канцэрту ў касе клюба — 80.000. месца за столікам — 100.000 (колькасьць абмежавана). Інфалінія: (044) 793-13-64.

12:00, 11/03/2012 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.