Заўтра паказ швэдзкага фільму «Дзяўчо з татуяванкай цмока» ў арыгінале

28 лютага ў кнігарні «логвінаЎ» (Незалежнасьці 37а) пакажуць нашумелы фільм «Дзяўчо з татуяванкай цмока» на швэдзкай мове зь беларускімі субтытрамі.

Трылогію швэдзкага пісьменьніка Стыга Ларсана (Stig Larsson) «Millenuim» называюць сэнсацыяй сусьветнага кніжнага рынку. Яна перакладзеная на 40 моваў сьвету і прададзеная агульным тыражом болей 21 мільёну экзэмпляраў. Францускія мэдыі празвалі цыкл «паўночным вірусам», які захапіў чытаючую публіку Эўропы.

Раман быў прызнаны лепшым дэтэктыўным трылерам 2008 году, а Стыг Ларсан узначаліў рэйтынг самых папулярных аўтараў сярод эўрапейскіх чытачоў у 2009 годзе.

Швэдзкая экранізацыя ў выглядзе трох фільмаў выйшла ў 2009 годзе і выклікала тады небывалы ажыятаж у скандынаўскіх краінах. СМІ паведамлялі, што правы на рэмэйк хочуць набыць Квэнцін Таранціна і Брэд Піт. Галівудзкая вэрсія «The Girl with the Dragon Tattoo» ад Дэвіда Фінчэра выйшла ў 2011 з Дэніэлам Крэйгам і Руні Мара ў галоўных ролях.

У менскіх кінатэатрах прайшоў паказ галівудзкай вэрсіі «Дзяўчыны з татуяванкай цмока», а па тэлебачаньні — швэдзкая трылогія ў расейскамоўнай агучцы. Паказ фільма па-швэдзку зь беларускімі субтытрамі пройдзе 28 лютага ў межах «Месяца швэдзкай літаратуры». Пачатак а 18.30.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.