Навучаньне за мяжой – цяпер толькі з дазволу Міністэрства адукацыі
Новы дэкрэт прэзыдэнта “Аб некаторых захадах ў справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі” ад 9.03.2005г. рэгулюе, як ні дзіўна, і навучаньне студэнтаў за мяжой. Цяпер для таго, каб паехаць вучыцца за мяжу наяўнасьці жаданьня, валоданьня адпаведнай мовай і дамоўленасьцяў з замежнай ВНУ будзе не дастаткова. Абавязковая інстанцыя – Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Калі аслухаесься – адміністратыўная адказнасьць. Новы дэкрэт гэта клопат беларускіх уладаў аб лёсах беларускіх студэнтаў за межамі краіны ці чарговы крок да самаізаляцыі краіны і ўціску на студэнцкія правы?
Пункт 1.6 Дэкрэту: “накіраваньне грамадзянаў, якія навучаюцца ў арганізацыях сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыцьцяўляецца зь пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі”.
Як рэальна будзе дзейнічаць гэты мэханізм на практыцы? Хто ў Мінадукацыі будзе тым судзьдзём, які будзе ставіць дыягназ: варты ехаць студэнт за мяжу ці не?
Інфармаваньне студэнтаў пра новаўвядзеньні такога кшталту звычайна праводзяцца на слабым узроўні. І ведаючы зацікаўленасьць моладзі ў адукацыі за мяжой, можна прагназаваць, што выезды студэнтаў працягнуцца і без дазволу Мінадукацыі. Але вяртаньняў будзе значна меней. Прычына таму – адміністратыўная адказнасьць па вяртаньні. І гэтая сытуацыя, безумоўна, кепска адаб’ецца на ўзроўні адукацыі ў Беларусі. Адукаваныя за мяжой маладыя спэцыялісты не зацікаўленыя ў вяртаньні на радзіму, дзе іх чакае пакараньне.
Магчыма, такая сытуацыя цалкам задавальняе аўтара дэкрэту, мэты ў якога значна больш шырокія. Спроба абмежаваць выезд беларускіх студэнтаў за мяжу вядуцца даўна. Тут можна прыгадаць Загад Міністэрства адукацыі №283 “Аб удасканаленьні ідэалягічнай працы ў ВНУ” ад 1.04.2004г., паводле якога студэнтам забараняецца датэрмінова здаваць сэсію па прычыне летніх падпрацовак за мяжою. Але ў некаторых ВНУ ў 2004 годзе, па прыватнай дамоўленасьці з выкладчыкамі, студэнты ўсё ж здавалі сэсію датэрмінова, ехалі працаваць і ўвосень вярталіся на навучаньне ў Беларусь. А частка студэнтаў, якім паводле загаду не дазволілі адміністрацыі навучальных установаў здаць іспыты датэрмінова, узяўшы “квіток у адзін бок” паехалі ўсё ж за мяжу, але без мэты вярнуцца дадому ў бліжэйшыя гады.
Дэкрэт прэзыдэнта яшчэ больш абмяжоўвае магчымасьці беларускіх студэнтаў вольна перамяшчацца па сьвеце. Для беларускіх уладаў гэта лягічна. Маштабная апрацоўка студэнтаў праз прадмет “Беларуская дзяржаўная ідэалёгія”, праз прымусовыя запісы ў БРСМ, праз прамыўку мазгоў на тэлебачаньні, у дзяржаўных СМІ нічога ня вартая, калі малады чалавек зьезьдзіў за мяжу і на свае вочы паглядзеў на “заняпад заходняй цывілізацыі”. У выніку сытуацыя ў краіне можа выйсьці з-пад кантролю сучасных беларускіх уладаў, як гэта адбылося ў Грузіі, Украіне, Сэрбіі, дзе рухавіком зьменаў была студэнцкая актыўнасьць.