Беларускія студэнты шанавалі Цмока?

Разам зь першымі эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі ўзьнікалі ня толькі студэнцкія прымхі і забабоны але і студэнцкія таварыствы са сваімі фармалізаванымі структурамі, кіраўнікамі, рытуаламі, узаемадапамогай і кансьпірацыяй. Беларусь у гэтым пляне не была выключэньнем. З гістарычных крыніцаў нам вядома пра адно такое таварыства (дакладней, два таварыствы, створаныя па адным прынцыпе ў розных унівэрсытэтах). Яго сябры шанавалі Цмока, лічылі яго сваім патронам і праводзілі таемныя рытуалы дзеля яго ўшанаваньня.

Цмок і палямічнае ліставаньне

Першыя згадкі пра культ Цмока, якога пазьней шанавалі студэнты Віленскага і Полацкага ўнівэрсытэтаў, прыпадаюць на час, калі яшчэ ня існавала нават Віленскага ўнівэрсытэта як такога, але ўжо працаваў у сталіцы ВКЛ езуіцкі калегіюм. Дзеячы-кальвіністы штораз згадвалі гэтую зьяву з пагардаю, кажучы пра яе як пра своеасаблівую недапрацоўку ў місіянэрскай дзейнасьці езуітаў (тады яны ўспрымаліся менавіта як місіянэры, бо прыбылі на Беларусь адносна нядаўна). Так, кальвінісцкі сьвятар, што перайшоў у гэтую на той час новую плынь хрысьціянства зь ісламу (паводле паходжаньня ён быў беларускім татарынам), Сьцяпан Кабылін, піша ў лісьце (па-беларуску, але арабскімі літарам), датаваным 1573 годам: “Яко (лакуна) Цмока, яком(у) студэнты (езуіцкага калегіюма) ах(ф)яры уносяць і за прафэсара шан(у)ют – шатан (гэта) і ісьць”. Далей сп. Кабылін паглыбляецца ў выкрыцьцё езуітаў, і больш культу цмока не згадвае.


Віленскі ўнівэрсытэт

Малаверагодна, што культ Цмока быў прынесены ў асяродак навучэнцаў кімсьці з манахаў-езуітаў, бо першыя зь іх зьявіліся на Беларусі (ў Вільні) толькі за год за заснаваньня калегіюма, у 1569 годзе, а пра шанаваньне цмока езуітамі ў Заходняй Эўропе нічога не вядома. Дый гэта супярэчыла б і самому духу ордэна езуітаў, які быў створаны ў тым ліку і для барацьбы зь ерасямі. Самай верагоднай уяўляецца вэрсія, што ён перайшоў “у спадчыну” ад вучняў ці сьвятароў, што выкладалі ў парафіяльнай школе, на базе якой разьвіваўся калегіюм. На карысьць гэтай вэрсіі гавораць і радкі з ліста генэрала езуітаў Клаўдзія Аквавіны да Пётра Скаргі, які ўзначальваў Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu (Віленскую акадэмію). Вось што сярод іншага пісаў сакратар генэрала ў 1583 годзе: “Даручае (Клаўдзій Аквавіна) правесьці разбіральніцтва і знайсці тых прафэсараў і тых студэнтаў, што шануюць цмока і ягоныя знакі на сабе пакідаюць. Паклаўшы столькі намаганьняў на стварэньне ўнівэрсытэта, пераканаўшы пасьлядоўнікаў Кальвіна ў сваіх добрых намерах, мы не можам пацярпець, каб усе нашыя дасягненьні былі перакрэсьленыя праз літоўскія забабоны”.


Віленскі ўнівэрсытэт

Аднак гэты загад генэрала ордэна, відаць, так і застаўся нявыкананым, бо згадак пра працэсы над пасьлядоўнікамі культу Цмока ў архівах не захавалася, і хаця рэктар акадэміі рэгулярна дасылаў «справаздачы» ў сакратарыят ордэна, ніякіх згадак пра культ цмока ў іх больш няма. Хаця знайсьці паслядоўнікаў культу было хутчэй за ўсё нескладана: прынамсі ў XIX стагоддзі яны наносілі сабе на правае плячо татуіроўку з выяваю Цмока і надпіс па-лацінску: “Draco. Lux. Fraternitas” (Цмок. Сьвятло. Братэрства). Хутчэй за ўсё рэктар вырашыў «не звязвацца» з таемным саюзам, бо не бачыў у ім ніякай пагрозы.

Цмок і таемныя знакі

Верагодна, што таварыства гэтае было чымсьці накшталт таварыстваў філяматаў і філярэтаў, якія былі выкрытыя ў 1823 годзе. Відаць, таварыства пад патранатам цмока было закансьпіраванае значна лепш. Прынамсі, падчас паўстаньня 1833—1834 гадоў у Віленскім унівэрсытэце яшчэ вучыліся ягоныя сябры.


Данясеньне на імя Сухава-Рублеўскага. Фрагмэнт

У Дзяржаўным архіве ў Санкт-Пецярбургу захавалася данясеньне на імя кіраўніка штаба К.Л. Сухаво-Рублеўска, аднаго з тых, хто «наводзіў парадак» на землях ВКЛ і Польшчы пасьля падаўленьня паўстаньня. У ім згадваецца паранены ў баі, але захоплены ўжо значна пазней Аўгуст Плятэр, студэнт Віленскага ўнівэрсытэта, адзін з прадстаўнікоў магнацкага роду Плятэраў. Паводле данясеньня, ён не адмаўляў свайго добраахвотнага ўдзелу ў паўстаньні (як і шматлікія яго сваякі). Схапілі яго ў маёнтку былога студэнта Полацкай акадэміі Рыгора Габінскага (выдалі сяляне). Паводле данясеньня, Габінскія ў паўстаньні ня ўдзельнічалі, але гаспадар мусіў прыняць Аўгуста Плятэра і хаваць яго, бо той меў ты я ж «знакі», што і гаспадар. Гэта і былі «выявы цмока і словы лацінскія: “Draco. Lux. Fraternitas”». Больш ніякіх дадзеных пра выявы і братэрства ў данясенні няма. Аўгуст Плятэр неўзабаве памёр (відаць, пад катаваньнямі), а Рыгор Габінскі і двое ягоных сыноў былі павешаныя, але нічога звыш таго не расказалі. Сыны, відаць, нічога і ня ведалі, бо да студэнтаў не дацягвалі ўзростам. У любым разе сам Рыгор Габінскі мусіў мець нейкую інфармацыю: яго маўчаньне сьведчыць пра надзвычайную закансьпіраванасьць таварыства, відаць, абы-каго ў шэрагі не прымалі, таму ў параўнаньні з тымі ж філяматамі і філярэтамі інфармацыі пра «сяброў цмока» занадта мала. Цікава, што сярод выпускнікоў Віленскага ўнівэрытэта Габінскіх няма, затое Рыгор Габінскі ёсьць у сьпісах студэнтаў Полацкага езуіцкага калегіюма – менавіта гэта і дае падставу сьцьвярджаць, што таварыства цмока было і ў апошнім.

Цмок і гліняны кубак

Наступнае і апошняе сьведчаньне пра існаваньне таварыства цмока – абзац з кнігі Рамуальда Зянкевіча, які скончыў Віленскі ўнівэрсытэт у 1830 годзе і быў, відаць, адным з апошніх, каго прынялі ў таварыства. У сваёй манаграфіі «Пра Крэўскі замак» ён пералічвае і апісвае легенды пра падземныя хады і скарбы. У канцы раздзела Зянкевіч піша: «Падобную легенду пераказваў і мне, студэнту (Віленскага ўнівэрсытэта) прынцыпал таварыства Цмока перад тым, як я прайшоў абрад уступленьня і пачаў лічыцца сябрам Цмока. Але расказвалася яна ў філасофскім рэчышчы – калі я слухаў гэтую гісторыю, дык мусіў разважаць над мэтафараю сутарэньняў розуму і скарбаў мудрасьці, якія ахоўвае Цмок. Не гаворачы ўжо пра тое, што Цмока і скарбы я ўбачыў на ўласныя вочы».


Калідор Полацкага ўнівэрсытэту

Пасьля ліквідацыі Віленcкага ўнівэрсытэта і Полацкага езуіцкага калегіюма таварыствы, відаць, зьніклі. Сьцьвярджаць гэта, напэўна, немагчыма, але ніякіх пісьмовых згадак пра яго адшукаць не атрымалася. Хіба што Уладзімір Галубовіч, вядомы беларускі і польскі археоляг, выпускнік адноўленага Віленскага ўнівэрсытэта (скончыў у 1932) апісваў нейкі кубак, што знаходзіўся ва ўніверсытэцкай бібліятэцы. Вось як апісвае яго сп. Галубовіч: “Вялізны кубак, вышынёю прыблізна з сярэдняга мужчыну, зь дзвюма ручкамі. Увесь ён быў пакрыты выяваю цмока. Так, што жывёліна глядзела на нас, ручкі былі – крыламі, а хвост абвіваўся вакол ножкі кубка. Вачэй у «цмока» не было, здавалася, што ў вачніцах раней былі каштоўныя камяні. Хаця сам кубак быў зусім просты – гліняны. Казалі, што раней яго выкарыстоўвалі сябры нейкага студэнцкага таварыства для рытуалаў. Мы зь сябрамі яшчэ шкадавалі, што ў нас няма такога таемнага братэрства, і марылі такое таварыства аднавіць».

Цмок і філязофія іншасьветнага

Вышэй мы пералічылі ўсе пісьмовыя згадкі, якія атрымалася адшукаць. Ясна, што інфармацыя гэтая далёка не поўная, але нават зь яе можна зрабіць некалькі высноваў. У двух беларускіх унівэрсытэтах існавалі таемныя студэнцкія таварыствы, якія шанавалі Цмока. Кіраваў таварыствамі прынцыпал, ён жа прымаў новых сяброў, праводзячы невядомы нам абрад ініцыяцыі. Сябры таварыства шанавалі Цмока, праводзілі нейкія рытуалы, у тым ліку з выкарыстаньнем вялікага глінянага кубка ў выглядзе цмока. Яны шанавалі мудрасьць, як скарбы, якія і ахоўвае Цмок (у філязофскім пляне), але ў містычным пляне прынамсі некаторыя зь іх верылі ў існаваньне цмока рэальнага. Сябры таварыства наносілі на правае плячо татуіроўку ў выглядзе цмока і словы лацінаю: «Draco. Lux. Fraternitas». Яны былі абавязаныя падтрымліваць адзін аднаго і захоўваць існаваньне таварыства, а таксама ягоныя мэты і задачы, у таямніцы.

Гэта тое, што нам вядома, але можна выказаць здагадку, што цмок быў выбраны для пашаны таму, што ў эўрапейскай, у тым ліку беларускай, міфалёгіі сымбалізуе мудрасьць, а ягоная прага да скарбаў ператварылася ў філязофскіх пабудовах у прагу да здабываньня і аховы ведаў. Відаць, братэрства цмока было таварыствам кшталту арганізацыі масонаў. Хутчэй за ўсё ягоныя сябры прыносілі прысягу зьбіраць і ўдасканальваць веды і весьці чалавецтва да шчасьлівай будучыні. Адсутнасьць разгорнутых апісаньняў філязофіі і рытуалаў таварыства – вялікая страта для беларускай культуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.084 seconds.