Часопіс беларускай прозы «Макулатура» прэзэнтуюць у Менску
20 студзеня а 19.00 у арт-кафэ Rubin Plaza адбудзецца адкрытая прэзэнтацыя часопіса беларускай прозы «Макулатура». Свае творы будуць чытаць Тацьцяна Заміроўская, Ільля Сін, Пістончык, Дзьмітрый Калейчык і Сяргей Календа.
Першы нумар часопіса беларускае прозы «Макулатура» выйшаў у сьвет 9 сьнежня 2011 года. Онлайн-прэзэнтацыя адбылася на партале КУ. Рэдактар і заснавальнік «Макулатуры» - малады пісьменьнік Сяргей Календа, галоўны мастак праекта — Васіліса Паляніна-Календа.
Адметная рыса часопіса — гэта свабода ад любых межаў у мастацтве, гэта тэкст дзеля літаратуры; гэта часопіс дзеля прозы, шчыльна зьвязаны з мастацкім працэсам стварэньня ілюстрацый для тэкстаў і супрацоўніцтва з мастакамі; гэта часопіс дзеля пісьма, які ўпершыню ў беларускай творчай прасторы друкуе тэксты як на беларускай, так і рускай мове. «Макулатура» - гэта ў першую чаргу пошук літаратуры, сьмелыя экспэрыменты, гульні са словамі, гэта алюзіі на глябальныя тэксты й інтэрпрэтацыя клясыкі й сучаснасьці, гэта тое, што не баіцца смелых рашэньняў і вітае ўсялякае новае пачынаньне ў тэксьце. Галоўнае - паказаць, што мы маем патэнцыял, велізарны й годны любых параўнаньняў.
Аўтары тэкстаў — цікавыя й актуальныя пісьменьнікі, як пачаткоўцы, так і ўсім вядомыя. Таксама ў часопісе можна знайсьці аўтарскія пераклады Хантэра С. Томпсана, Хуліа Картасара, Віктара Пялевіна, Фрыдрыха Дзюрэнмата.