Студэнты МДТК патрабуюць чалавечых умоваў ў інтэрнаце

24 лютага ў Міністэрства адукацыі пададзеная скарга за подпісамі 421 студэнта з патрабаваньнем абавязаць Менскі дзяржаўны тэхналягічны каледж забясьпечыць бесьперабойнае функцыянаваньне электрычных пліт і душа, наяўнасьць гарачай вады на працягу ўсяго пэрыяду пражываньня студэнтаў у інтэрнаце.

Навучэнцы МДТК, што пражываюць ў інтэрнаце па адрасе: вул. Дарашэвіча 3, неаднаразова зьвярталіся і да адміністрацыі інтэрната, і да адміністрацыі каледжа з патрабаваньнем палепшыць свае жыльлёвыя умовы. Але станоўчых зьменаў гэтыя дзеяньні не прынесьлі.

Што прымусіла студэнтаў зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі? Электрычныя пліты працуюць па раскладзе: 7:00-8:00, 9:00-12:30, 16:00-18:00, 19:00-21:00. Улічваючы, што ў інтэрнаце пражывае больш за 400 чалавек, студэнты фактычна пазбаўлены магчымасьці прыгатаваць сабе ежу.

Адміністрацыя каледжа абмежавала магчымасьць карыстацца душам выключна 1 раз на тыдзень. Што стварае антысанітарныя ўмовы пражываньня. Нават гарачая вада ў інтэрнаце па раскладзе (7:00-12:00 і 18:00-22:30).

Усім вядома, што узровень навучаньня наўпрост залежыць ад умоваў пражываньня студэнтаў. Але сёньняшнія ўмовы не спрыяюць ня толькі добраму навучаньню, але ставяць пад пытаньне магчымасьць выжываньня студэнтаў у сваім інтэрнаце. Таму навучэнцы МДТК вырашылі зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі.

Паводле заканадаўства, Міністэрства адукацыі павінна даць адказ на працягу 1 месяца.

Ганка 00:00, 25/02/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.