У Маладзечна забаранілі кліп IQ48 за словы «Хай Мікі Маўс вісіць у лядоўні»

Рэдактар маладзечанскага мясцовага каналу не пусьціў у эфір кліп гурта IQ48 «Прыяцель», пачуўшы ў вясёлым тэксьце бесклапотнай песьні намёкі на галоднае жыцьцё ў Беларусі, а «Мікі Маўса ў лядоўні» ўспрыняў як партрэт дзеючага кіраўніка краіны ў лядовым палацы.

Канцэртнае відэа гурта было адмыслова падрыхтаванае для паказу на канале МКТВ, зь якім мелася папярэдняя дамоўленасьць. Аднак на апошнім этапе, калі словы песьні праглядаў рэдактар тэлеканалу, гурту было адмоўлена. Вось як камэнтуе сытуацыю гітарыст гурта Павал Яноўскі:

«Адказ рэдактара быў кангеніяльны: радок “А мы з кожным годам страйны, бы бярозы” — гэта намёк на тое, што нам у краіне есьці няма чаго і мы тут усе худыя. А радок “І хай Мікі Маўс вiсіць у лядоўні” — гэта партрэт першай асобы краіны ў лядовым палацы. Мабыць, паленаваўся рэдактар падглядзець у слоўніку, што слова “лядоўня” перакладаецца на расейскую як “холодильник”, а не лядовы палац».

Лідэр IQ48 Яўген Бузоўскі падрабязна апісвае сытуацыю ў сваім «Дзёньніку» на Generation.by, дзе прыводзіць поўны тэкст песьні і зьнятае відэа.

«Жадалася напісаць простую і зразумелую ўсім жыцьцесьцьвярджальную і вясёлую песьню, без усякіх падтэкстаў, а атрымалася, быццам гэта нейкі маніфэст. У выніку “Прыяцелю” пакуль застаецца шпацыраваць толькі па інтэрнэце», — піша музыкант.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.