Неуклюжи, ці як «Прыяцеля» ў Маладзечна не пусьцілі
Сябры, памятаеце, як кракадзіл Гена рамантычна сьпяваў пад гармонік песьню пра «пусть бегут неуклюже пешеходы по лужам…»? Дык вось, шмат хто з нашага пакаленьня, (хаця падазраю, што ня толькі з нашага), у дзяцінстве чуў гэты радок так: «пусть бегут неуклюжи, пешеходы по лужам». Хто такія гэтыя неуклюжи, мы абсалютна ня ведалі, але яшчэ меней ведалі такое прыслоўе — «неуклюже». Затое ведалі, што гэтыя, невядома якога выгляду неуклюжи бягуць, і бягуць яны разам зь пешаходамі. Так нам дзецям было больш зразумела і проста. Мы разглядалі сьвет праз прызму таго, што нам бліжэй, і, зразумела, праз свой сьветапогляд. Хто ж ведаў, што праз столькі гадоў нейкі кракадзіл будзе адмыслова вышукваць у нашых тэкстах сваіх асабістых неуклюжаў.
У нашага гурта ёсьць сябра Лёпа, ён відэаапэратар, жыве і працуе ў Маладзечна на мясцовым тэлеканале. Мы ўжо неаднаразова зь яго дапамогай здымалі нешта для IQ, нават «першы на Беларусі DVD unplugged» ён нам зрабіў. Таму абсалютна заканамерна і лягічна было вырашана працягнуць супрацоўніцтва.
Лёпа сказаў нешта кшталту: «Вас на мінскіх тэлеканалах ня круцяць, а ў Маладзечна з гэтым прасьцей, ды і з кіраўніцтвам МКТВ (так называецца яго тэлекампанія) я размаўляў, яны толькі за!»
Карацей, ён атрымаў практычна карт-блянш на здымкі кліпу, які пакуль круціўся б выключна ў Маладзечна. Такі эксклюзіўчык для тэлеканалу МКТВ.
Вырашылі, што гэта будзе канцэртны кліп-ролік, ды і нагода набліжалася выдатная — канцэртная прэзэнтацыя нашага новага альбому. Для кліпу абралі песьню «Прыяцель», бо і карцінка на яе з прэзэнтацыі атрымалася добрая, і адносна тэксту цэнзары маглі спаць спакойна, бо ён абсалютна «пацанскі» і раздалбайскі. Вельмі ўважліва мы ставіліся да выбару тэксту. Але пра тэкст (а гэта галоўнае ў дадзенай сытуацыі) лепей дамо выказацца яшчэ аднаму ўдзельніку нашага гурта, Паўлу Яноўскаму:
«Чамусьці ў славянскай традыцыі атрымалася так, што ў песьні на першым месцы па значнасьці стаіць тэкст. Людзі жадаюць чуць, пра што сьпяваецца, а на гучаньне, аранжыроўкі, выкананьне і іншую вузкаспэцыялізаваную хрэнь ім збольшага пляваць. Болей таго, калі людзі ўсё ж чуюць, пра што пяецца, яны пачынаюць інтэрпрэтаваць, прычым кожны ў меру сваёй адукаванасьці, сацыяльнага становішча, разумовай непаўнавартаснасьці і палітычнай сытуацыі ў краіне.
Здавалася б — чотка, калі чувак сьвідруе нейкія словы, а яны нараджаюць у галовах насельніцтва выдатныя выявы! Ідылія! А вось і дуля з макам! Ёсьць і адваротны бок гэтага творчага працэсу. Калісьці я пачаў штосьці сам пісаць, драпаць кволай ручанькай нейкія паўдзіцячыя сьмешныя песенькі з прыпевам кшталту „байкер Валодзя — жалезная жопа“. І тут мне на вочы трапіў фільм „Ноты пратэсту“ (РЕН ТБ), 2011. Пасьля яго прагляду ўвесь мой арганізм шалёна здрыгануўся, заторгалася вока, раптам я ўсьвядоміў, што хтосьці абавязкова павінен убачыць у радку „байкер Валодзя — жалезная жопа“ Ўладзіміра Пуціна, бо ён жа з байкерами на матацыкле ехаў! Наканаванасьць гэтага я ўсьвядоміў кожнай клеткай свайго цела».
Дык вось, Лёпа скончыў кліп, папярэдне некаму з кіраўніцтва тэлеканалу паказаў — iм праца вельмі спадабалася. Засталося толькі пад’ехаць нам у Маладзечна, каб падпісаць дамову на права ратацыі кліпу на канале. Тут і пачалося самае цікавае!
Зноўку слова Паўлу: «Верхаводу канала кліп спадабаўся, і ён перадаў тэкст песьні рэдактару „праверыць“. І тут панеслася! Відаць, з бадуна мужычок быў, таму як фантазія ў яго відавочна не на жарт разгулялася. Вось што ён слухаў:
Ракеты ляцяць на нас зь нябёсаў,
Плянэты рыхтуюць апошні парад.
А мы з кожным годам страйны, бы бярозы,
І ўсё весялее наш чад.
Ветразь напоўніць сонечны вецер,
Быў сябра адзін — стала 125.
Гадуюцца хай шчасьлівыя дзеці,
Прыгажуні будуць іх нараджаць.Мы з табой разам, сябра-прыяцель!
Вып’ем па першай і па другой!
Хай мудрагеліць экспэрт-абывацель!
І за яго па адной!І ўсё ў цябе па-супэрску будзе!
Наперадзе лепшая частка жыцьця!
Натхняюць жаночыя ногі і грудзі,
Выносны нам цяжар быцьця.
І хай Мікі-Маус вiсіць у лядоўні —
На тое ня трэба ўвагі зьвяртаць.
Мы верым — наш шлях сьветлы, рух непакорны,
Яго не спыніць, не стрымаць!Кліп у ратацыю ня пойдзе — вырашае рэдактар. А што так, мужык? Адказ быў кангеніяльны: радок „А мы з кожным годам страйны, бы бярозы“ — гэта намёк на тое, што нам у краіне есьці няма чаго і мы тут усе худыя. А радок „І хай Мікі-Маўс вiсіць у лядоўні“ — гэта партрэт першай асобы краіны ў лядовым палацы. Мабыць, паленаваўся рэдактар падглядзець у слоўніку, што слова „лядоўня“ перакладаецца як „холодильник“, а не лядовы палац.
Якая ўвогуле тут палітыка — гэта песьня пра сяброўства, бухло і дзяўчат, блеать! Увогуле, гэтыя трызьненьні хворага розуму і камэнтаваць ня хочацца. А словазлучэньне „не спыніць, не стрымаць!“ — гэта наагул зь верша М. Багдановіча „Пагоня“ (вершы гэтага паэта-клясіка ёсьць у школьнай праграме. Ці няма ўжо?) Карацей, ад такога „аналiзу“ мы абсыпаліся на падлогу, як азімыя. Стала невыносна горка ад таго, што хтосьці можа знайсьці сэнс там, дзе насамрэч яго няма, і ва ўпор ня бачыць там, дзе ён на паверхні. А хацелася напісаць простую і зразумелую ўсім жыцьцесьцьвярджальную і вясёлую песьню, без усякіх падтэкстаў, а атрымалася, быццам гэта нейкі маніфэст».
У выніку «Прыяцелю» пакуль застаецца шпацыраваць толькі па інтэрнэце.
Добрага вам прагляду, сябры, і не дазваляйце розным кракадзілам рабіць з вас неуклюжаў! Да новай сустрэчы!